13 сакавіка 2025 г. дацэнт кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства Шматкова Ірына Ігараўна правяла круглы стол “Беларуская жаночая паэзія – “pro et contra”, прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню. У мерапрыемстве прынялі ўдзел загадчык кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства Марозава Таццяна Анатольеўна, студэнты 2 курса спецыяльнасцей “Беларуская філалогія”, “Славянская філалогія”, магістрант кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства Гао Юйкунь.
Шматкова І.І. распавяла аб асноўных праблемах у вызначэнні тэрміна “жаночая літаратура”, акрэсліла асноўныя аргументы “за” і “супраць”, расказала аб выбітных прадстаўніцах беларускага паэзіі ХХ ст., прэзентавала свой вучэбна-метадычны дапаможнік “Беларуская жаночая паэзія ХХ стагоддзя” (БДУ, 2023).
Студэнт 2 курса спецыяльнасці “Славянская філалогія” Каляда Уладзімір падрыхтаваў і правёў апытанне, мэтай якога стала вызначэнне полу аўтараў вершаваных твораў; статыстычную інфармацыю ён плануе выкарыстаць у якасці эксперыментальнай часткі сваёй курсавой работы, якая будзе прысвечана гендарным адметнасцям творчасці Веры Вярбы. Магістрант з Кітайскай Народнай Рэспублікі Гао Юйкунь прадэманстраваў сваё выдатнае валоданне беларускай мовай, прачытаўшы вершы беларускіх аўтараў.
Студэнты 2 курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” Дубоўскі Алесь і Аніперава Марыя прадэкламавалі свае ўласныя вершы. Швец Таццяна, Лысікава Дар’я, Аўчыннікава Валерыя, Казанцава Вера, Суроўева Ксенія, Руцкая Марыя зацікавалі аўдыторыю жыццёвым і творчым шляхам Канстанцыі Буйло, Зоські Верас, Еўдакіі Лось, Веры Вярбы, Ніны Мацяш, Раісы Баравіковай.
Напрыканцы ўдзельнікі імпрэзы адзначылі гендарную адметнасць твораў, факт існавання жаночай літаратуры, але прыйшлі да высновы, што галоўная задача даследчыкаў і аматараў літаратуры – усебаковы аналіз твора з улікам усіх адметнасцей асобы аўтара, якія не могуць быць абмежаваны толькі полам ці гендарам.





BY

