Сэрвісы

КРУГЛЫ СТОЛ «РОЛЯ ПЕДАГАГІЧНАЙ ПРАКТЫКІ Ў ПРАФЕСІЙНАЙ ПАДРЫХТОЎЦЫ СТУДЭНТАЎ-ФІЛОЛАГАЎ»

КРУГЛЫ СТОЛ «РОЛЯ ПЕДАГАГІЧНАЙ ПРАКТЫКІ  Ў ПРАФЕСІЙНАЙ ПАДРЫХТОЎЦЫ СТУДЭНТАЎ-ФІЛОЛАГАЎ»

Круглы стол «Роля педагагічнай практыкі ў прафесійнай падрыхтоўцы студэнтаў-філолагаў», у рабоце якога прынялі ўдзел студэнты IV курса спецыяльнасцей «Руская філалогія», «Славянская філалогія», адбыўся 18 красавіка 2025 г. Арганізатарам выступіла дацэнт кфедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры І. Э. Саўко. Удзельнікі круглага стала абмяняліся вопытам, набытым на вытворчай практыцы, з зацікаўленасцю абмеркавалі пытанні, якія ўзніклі падчас выступленняў.

Анастасія Джэжора і Ксенія Малаш расказалі пра некаторыя цяжкасці, з якімі яны сутыкнуліся пры праходжанні практыкі, і спосабах іх пераадолення. У прыватнасці, цяжкасці з ацэньваннем вусных адказаў вучняў пераадольваліся ўвядзеннем сістэмы «плюсаў» (накапляльная адзнака), а праблема разумення паводзін дзяцей рознага ўзросту вырашалася шляхам чытання адпаведнай літаратуры і набыццём пэўнага педагагічнага вопыту. Аліна Мінчанкова прадэманстравала шэраг метадычных прыёмаў, якія выкарыстоўвалі практыканты на ўроках рускай мовы і літаратуры для развіцця пазнавальных інтарэсаў вучняў. Яна адзначыла, што было цікава працаваць з дзецьмі і ў пазаўрочны час, таму што яны раскрываліся зусім па-іншаму, дэманстравалі дадатковыя веды, разнявольваліся і вучыліся дзейнічаць у камандзе.

Анастасія Слінка падзялілася ўражаннямі ад выкладання рускай мовы і літаратуры ў адзінаццатых класах, падкрэсліўшы, што работу ў профільным філалагічным класе і ў няпрофільным прыходзілася арганізоўваць зусім па-рознаму. Аляксандра Шукайлава расказала пра прыёмы, выкарыстаныя для ўстанаўлення кантакту з сямікласнікамі. Яна звярнула ўвагу і на тое, што правядзенне ўрокаў рускай мовы было не вельмі складаным, таму што загадзя падрыхтаваны разгорнуты канспект урока забяспечваў неабходную структуру і методыку правядзення заняткаў, але выкладанне рускай літаратуры запатрабавала ўменняў улічваць разнастайнасць меркаванняў вучняў, складанасць успрыняцця імі некаторых тэкстаў і неабходнасць накіроўваць абмеркаванне мастацкіх твораў у прадуктыўнае рэчышча.

Вольга Кукурузяк параўнала спецыфіку работы з вучнямі 6-х і 11-х класаў. Прааналізаваўшы ступень іх зацікаўленасці ў вывучэнні рускай мовы і літаратуры, яна ахарактарызавала цяжкасці, з якімі можа сутыкнуцца настаўнік, падзялілася асабістым вопытам вырашэння такіх праблем і думкамі пра спосабы арганізацыі вучэбнай работы ў розных узроставых групах. Кацярына Мельнічук, Кацярына Ярмоленка, Паліна Нгамека, Ганна Якіменка і Паліна Барташэвіч расказалі пра свой вопыт работы ў гімназіі № 29 і звярнулі ўвагу на неабходнасць уключэння ў вучэбны план філалагічнага факультэта асобнай дысцыпліны ці нават асобнай вытворчай практыкі, прысвечанай пытанням вядзення разнастайнай школьнай дакументацыі.

Антон Феактыстаў апісаў метадычныя прыёмы, якія ён выкарыстоўваў з мэтай дыферэнцыяцыі аб’ектаў даследавання на ўроках рускай літаратуры. Выступленне Паліны Зотавай выклікала дыскусію наконт таго, ці здольныя вучні 10-га класа поўнасцю зразумець раман Ф. М. Дастаеўскага «Злачынства і пакаранне», ці цікавы ён для іх і ці трэба вывучаць яго ў гэтым узросце. Захар Лявоненка, які працуе ўжо другі год настаўнікам рускай мовы і літаратуры, даў тым, хто толькі пачынае педагагічную дзейнаць, шэраг карысных парад: як наладзіць дысцыпліну ў не вельмі арганізаваным класе, як узаемадзейнічаць з адміністрацыяй школы і з калегамі і інш.

Удзельнікі круглага стала адзначылі, што вытворчая педагагічная практыка з’яўляецца неабходным этапам іх універсітэцкай падрыхтоўкі, садзейнічае асабістаму станаўленню і дазваляе набыць уменні і навыкі, якія будуць запатрабаваныя ў будучай прафесійнай дзейнасці. І, як падкрэсліла Аліна Мінчанкова, гэта не проста фармальнасць, прапісаная ў вучэбным плане, а магутны інструмент, што фарміруе прафесіянала, які не толькі ведае мову і літаратуру, але і ўмее эфектыўна перадаваць гэтыя веды іншым.

2_1_1.jpg                 

5_11.jpg

4_1_1.jpg

3_1_1.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.