8 мая 2025 года, напярэдадні святкавання 80-годдзя Вялікай Перамогі, студэнты-беларусісты 3 курса напрамку спецыяльнасці “Літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць” філалагічнага факультэта БДУ разам з загадчыкам кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства дацэнтам Таццянай Марозавай наведалі Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Яны прынялі ўдзел у адкрыцці літаратурна-дакументальнай выставы “Я справай абраў сабе слова...”, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння Навума Кісліка – удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, беларускага паэта-франтавіка, празаіка, перакладчыка, журналіста, члена Саюза пісьменнікаў БССР.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася дырэктар архіва-музея Алена Макаранка, якая адзначыла важнасць гэтай дзяржаўнай установы як захавальніцы дакументальнай спадчыны дзеячаў літаратуры і мастацтва.
Пра экспазіцыю распавяла вядучы архівіст Таццяна Анпілогава, якая пазнаёміла прысутных з дакументамі выставы: рукапісамі вершаў, творчымі напрацоўкамі, сшыткамі з вершамі, рэцэнзіямі, фатаграфіямі з сябрамі, перапіскай з пісьменнікамі, калегамі з асабістага фонду Навума Кісліка. Яна звярнула ўвагу на тое, што прадстаўленыя архіўныя матэрыялы сведчаць аб складаным жыццёвым і творчым шляху паэта-франтавіка, а таксама характарызуюць яго як выдатнага перакладчыка.
Пасля студэнтам правялі захапляльную экскурсію па архіву-музею, расказалі пра спецыфіку працы з асабістымі архівамі пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва і паказалі архіўныя сховішчы, у якіх вытрымліваецца спецыяльны тэмпературны рэжым, неабходны для захавання дакументаў.
Напрыканцы студэнты наведалі чытальную залу, дзе пазнаёміліся з правіламі яе наведвання і карыстання заказанымі дакументамі.
Вынікам наведвання архіва-музея студэнтамі-беларусістамі стала знаёмства з жыццёвым і творчым шляхам паэта-франтавіка Навума Кісліка¸ а таксама атрыманне азнаямляльнай інфармацыі пра магчымасці пошуку матэрыялаў для напісання курсавых і дыпломных работ.







BY

