19 мая 2025 года на адукацыйным партале філалагічнага факультэта БДУ, у раздзеле «Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору» кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства, адбылася фальклорная вандроўка «Сцяжынкамі роднай зямлі», якая традыцыйна праводзіцца ў межах падрыхтоўкі да правядзення фальклорнай практыкі студэнтаў 1 курса спецыяльнасцей «беларуская філалогія», «руская філалогія» і «славянская філалогія».
У гэтым навучальным годзе супрацоўнікі вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору прапанавалі першакурснікам «новы маршрут» віртуальнай вандроўкі – тапанімічныя легенды, а ў ролі спадарожніка абралі сімвал сельскай гаспадаркі – трактар «Беларус».
Праграма мерапрыемства прадстаўляе сабой комплексны міждысцыплінарны навукова-даследчы праект, які складаецца з сямі інтэграваных тэматычных блокаў, кожны з якіх адпавядае шасці рэгіёнам Рэспублікі Беларусь і асобна яе сталіцы. Ідэя рэалізацыі праекта належыць загадчыку вучэбна-навуковай лабараторыі Веры Дзянісенка.
Аснову для віртуальнай вандроўкі склалі архіўныя запісы тапанімічных легенд, якія былі зроблены студэнтамі філалагічнага факультэта падчас фальклорнай практыкі і якія зараз захоўваюцца ў Фондзе вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору. Гэтыя матэрыялы прайшлі сістэматычны працэс апрацоўкі (тэматычанага адбору, аналізу і рэтраканверсіі), які ажыццявілі супрацоўнікі лабараторыі – спецыялісты па забеспячэнні вучэбнага працэсу Кацярына Батура і Анастасія Сцельмашук.
Акрамя таго, фальклорныя матэрыялы суправаджаюцца інфармацыяй пра геральдыку і адміністрацыйна-тэратэрыяльны падзел таго ці іншага рэгіёна Беларусі, што спрыяе фарміраванню комплексанага ўяўлення пра геаграфічную і культурна-гістарычную разнастайнасць нашай краіны.
«Новы маршрут» віртуальнай вандроўкі «Сцяжынкамі роднай зямлі» стварае навукова абгрунтаваную платформу для міждысцыплінарных даследванняў, дазваляе сістэматызаваць і інтэграваць фальклорныя звесткі ў адукацыйную і навуковую практыку, а таксама садзейнічае глыбокаму аналізу тапанімічных традыцый у кантэксце рэгіянальнай і нацыянальнай ідэнтычнасці і гістарычнай памяці Беларусі.
Пазнаёміцца з віртуальнай прэзентацыяй можна па спасылцы https://eduphil.bsu.by/course/view.php?id=3323, якая будзе актыўна да 12 ліпеня 2025 года.


BY

