19 мая ў рамках патрыятычнага выхавання моладзі старшыя выкладчыкі кафедры германскага мовазнаўства С.Э. Бабок і Д.М. Каралёў арганізавалі і правялі са студэнтамі 1-4 курса музычны вечар “Песні Вялікай Перамогі”. Мэта мерапрыемства – захаванне гістарычнай памяці пра подзвіг савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, выхаванне пачуцця гонару за мужнасць і стойкасць нашых дзядоў і прадзедаў у барацьбе з фашысцкімі захопнікамі, раскрыццё творчага патэнцыялу студэнтаў і супрацоўнікаў факультэта. На канцэрце ў выкананні студэнтаў, выкладчыкаў кафедры і запрошанай госці прагучалі вершы і песні ваенных гадоў, а таксама сучасныя кампазіцыі пра вайну. Вакальная капэла кафедры раманскага мовазнаўства “Belcoro” пад кіраўніцтвам Л.С. Мельнікавай пазнаёміла гледачоў з творчасцю ўдзельнікаў італьянскага антыфашысцкага супраціўлення. У выкананні студэнтаў калектыва прагучала легендарная “Кацюша” ў перакладзе на італьянскую мову.
Песні ваенных гадоў – гэта песні пра гераізм і мужнасць, пра салдацкую дружбу і вернасць, пра патрыятызм і любоў да Радзімы. Усе гэтыя духоўныя каштоўнасці з’яўляюцца нязменнымі і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Сёння гэтыя песні гавораць з намі на мове памяці і не дазваляюць забыцца пра тыя трагічныя дні, якія давялося перажыць нашай краіне. Абавязак маладога пакалення – зберагчы тыя Вялікія старонкі гісторыі, што знайшлі сваё адлюстраванне ў песеннай творчасці ваеннага часу.






BY

