26.06.25 у рамках Года добраўпарадкавання выкладчыкі нямецкай мовы кафедры германскага мовазнаўства разам са студэнтамі 4 курса спецыяльнасці "нямецкая філалогія" правялі працоўную акцыю па паляпшэнні стану кабінета нямецкай філалогіі на філалагічным факультэце. Мэтай мерапрыемства было працоўнае выхаванне, выхаванне культуры побыту, стварэнне камфортных умоваў для навучання.
Кабінет нямецкай філалогіі створаны ў 2009 годзе. Гэта не толькі адна з папулярных навучальных аўдыторый, але і месца правядзення навукова-практычных канферэнцый, круглых сталоў, анлайн-вебінараў. Тут захоўваецца кніжны фонд выданняў на нямецкай мове, які складае каля 500 адзінак. У ім прадстаўлены не толькі ўсе асноўныя слоўнікі і падручнікі па нямецкай мове, але і навуковая літаратура па мовазнаўстве, літаратуразнаўстве, асобных напрамках лінгвістыкі, зборнікі навуковых артыкулаў, мастацкая літаратура ў арыгінале, ліцэнзійныя навучальныя камп'ютарныя праграмы і электронныя варыянты падручнікаў і слоўнікаў, даступныя для выкарыстання выкладчыкам кафедры і студэнтам. Тым самым створаны дадатковыя ўмовы для самаадукацыйнай работы і павышэння кваліфікацыі.
Таму надзвычай важна як для матывацыі студэнтаў, так і для прэстыжу спецыяльнасці падтрыманне эстэтычнага выгляду і ўтульнасці аўдыторыі. Ідэяй акцыі было падкрэсліць і прадэманстраваць, што парадак пачынаецца з кожнага з нас, і нават малымі намаганнямі свет вакол сябе можна зрабіць больш цудоўным.
Старэйшыя выкладчыкі кафедры германскага мовазнаўства С.Э. Бабок, Дз. М. Каралеў, Л.Р. Папоўская, Г.І. Зур, Г.І. Рымар, выкладчык А.І. Карпушына, дацэнт С.С. Катоўская і студэнты выпускнога курса вымылі вокны, перасадзілі кветкі, падклеілі шпалеры, сістэматызавалі літаратуру, якая ёсць у кабінеце. У выніку памяшканне набыло дагледжаны і абноўлены выгляд. Вынік працы натхніў на новыя мерапрыемствы, у планах падлучэнне творчых і крэатыўных ідэй студэнтаў, правядзенне акцый па добраўпарадкаванні на рэгулярнай аснове.






BY

