Сэрвісы

ФАЛЬКЛОР ПАД МІКРАСКОПАМ: ФАЛЬКЛОРНАЯ ПРАКТЫКА НА БАЗЕ ВУЧЭБНА-НАВУКОВАЙ ЛАБАРАТОРЫІ БЕЛАРУСКАГА ФАЛЬКЛОРУ БДУ

ФАЛЬКЛОР ПАД МІКРАСКОПАМ: ФАЛЬКЛОРНАЯ ПРАКТЫКА НА БАЗЕ ВУЧЭБНА-НАВУКОВАЙ ЛАБАРАТОРЫІ БЕЛАРУСКАГА ФАЛЬКЛОРУ БДУ

З 30 чэрвеня по 12 ліпеня 2025 года на базе вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства філалагічнага факультэта БДУ фальклорную практыку праходзіла група студэнтаў спецыяльнасцей «руская філалогія» і «славянская філалогія» пад кіраўніцтвам загадчыка ВНЛБФ Веры Дзянісенка.

У якасці індывідуальнага задання практыканты ажыццяўлялі рэтраканверсію фальклорных тэкстаў вопісу Пружанскага раёна рэгіянальнага архіва Брэсцкай вобласці. Праца заключалася ва ўважлівым вывучэнні фальклорнага твора, расшыфроўцы рукапіснага тэксту і пераводзе інфармацыі ў электронны від. Кожная картка змяшчала наступнае: запіс фальклорнай адзінкі, інфармацыю пра збіральніка, час і месца запісу, звесткі пра інфарманта, а таксама розныя каментарыі. Заключным этапам працы была праверка і верыфікацыя ўведзеных дадзеных для мінімізацыі памылак.

Асобнай даследчай задачай у працэсе працы стала атрыбуцыя жанравай прыналежнасці фальклорных твораў у выпадках адсутнасці адпаведных пазнак збіральніка, што патрабавала прымянення тэарэтычных ведаў у галіне фалькларыстыкі і ўважлівага аналізу наяўных тэкставых фрагментаў. У працэсе вызначэння жанру ажыццяўляўся пошук фармальна-змястоўных маркераў: спецыфічных кампазіцыйных асаблівасцяў, стылістычных рыс, а таксама характэрных сюжэтных фальклорных матываў. Такім чынам, студэнты атрымалі практычныя навыкі тэксталагічнага аналізу і паглыбіць разуменне жанрава-відавай сістэмы беларускага фальклору.

Акрамя таго, студэнты-практыканты адзначылі, што асаблівую навукова-практычную складанасць і адначасова акадэмічную цікавасць уяўляла праца з дыялектнымі асаблівасцямі мясцовага фальклору, які ўяўляў сабой найкаштоўнейшую крыніцу лінгвістычнай і культурнай спадчыны заходне-беларускага рэгіёна, што ў сваю чаргу патрабавала ад практыкантаў не толькі лінгвістычных ведаў, але і ўменняў інтэрпрэтаваць іх у кантэксце гістарычнага развіцця рэгіёна.

Вынікі фальклорнай практыкі на базе вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору БДУ былі падведзены ў верасні 2025 года. Студэнты-практыканты адзначылі, што іх дзейнасць – гэта не проста выкананне вучэбнага індывідуальнага задання, а важны ўнёсак у захаванне і вывучэнне нацыянальнай культурнай спадчыны. Практыка стала для іх цудоўнай магчымасцю лепш зразумець унікальнасць беларускага фальклору, адчуць сувязь з традыцыямі і гісторыяй свайго народа, а таксама падрыхтавала іх да далейшай прафесійнай дзейнасці ў галіне філалогіі і культуралогіі. Такі вопыт умацаваў іх грамадзянскую пазіцыю, а таксама свядомасць у пытаннях культурнай спадчыны і яе захавання для будучых пакаленняў.

t7720250711130319953_1.jpgt7720250711130319953_2.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image