Напярэдадні Міжнароднага дня турызму, які ва ўсім свеце адзначаецца 27 верасня, студэнтамі 1 курса спецыяльнасці “Славянская філалогія” пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства Анжалікі Садоўскай была арганізавана інтэрактыўная гульня-вандроўка “Беларусь гасцінная”. Падчас мерапрыемства студэнты-філолагі прадставілі распрацаваныя імі маршруты віртуальных падарожжаў па цікавых мясцінах Беларусі. Кожны з ўдзельнікаў паспрабаваў сябе ў ролі экскурсавода і правёў для іншых завочную экскурсію па ўлюбёных куточках нашай краіны, сталіцы або сваёй малой радзімы.
Юрый Ягораў распавёў пра Княжыцкі касцёл на Магілёўшчыне, Кірыл Архіпаўцоў пазнаёміў аўдыторыю з таямніцамі свайго роднага горада Гомеля. Вольга Дзячук правяла слухачоў па экасцежках Блакітных азёр, дзе студэнтка любіць адпачываць са сваёй сям’ёй. Алеся Гамідавада запрасіла на вандроўку ва ўлюбёнае месца адпачынку ў Мінску – парк Чалюскінцаў, завочнае падарожжа ў парк культуры і адпачынку студэнтка дапоўніла яркімі фотаздымкамі з сямейнага альбома ў куточках парка ў розныя перыяды жыцця. Марыя Каляда расказала пра аздараўляльныя магчымасці саляных пячор Салігорска. Уладзіслаў Пранчак распавёў пра Брэсцкую крэпасць, завяршыўшы вандроўку ўласным вершам “Абаронцам”, прысвечаным памяці абаронцаў Айчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Аляксандра Яткоўская правяла ўдзельнікаў мерапрыемства па сваіх любімых месцах Беларусі, сярод якіх і хутар Града, гісторыя якога шчыльна звязана з гісторыяй яе роду.
Падчас мерапрыемства ўсе яшчэ раз пераканаліся, што Беларусь – краіна, прыдатная для ўнутранага і знешняга турызму, край з багатай гісторыяй і культурай, непаўторнай прыродай і ўнікальнымі помнікамі архітэктуры.






BY

