Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?
Максім Багдановіч
31 кастрычніка 2025 г., з мэтай выхавання паважлівых адносін да беларускай літаратурнай спадчыны, дацэнт кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства БДУ Ірына Шматкова разам са студэнтамі 1-га курса 13-й групы спецыяльнасці “Славянская філалогія” і 1-й групы спецыяльнасці “Беларуская філалогія” наведалі Літаратурны музей Максіма Багдановіча.
Студэнты з задавальненнем праслухалі экскурсію па асноўнай экспазіцыі музея, якую захапляльна распавёў загадчык музея Міхал Бараноўскі. Веды, якія атрымліваюць студэнты падчас універсітэцкіх лекцый і практычных заняткаў, былі дапоўнены знаёмствам з музейнымі экспанатамі (рукапісамі, кнігамі, фотаздымкамі, асабістымі рэчамі і інш.), цікавымі фактамі, звязанымі з жыццёвым і творчым шляхам Максіма Багдановіча. Асаблівую ўвагу студэнтаў выклікаў арыгінал слуцкага пояса, асабістыя рэчы і рукапісы паэта.
Спадзяёмся, што ўражанні, атрыманыя студэнтамі падчас наведвання музея, натхняць іх да далейшага вывучэння творчасці класіка беларускай літаратуры.





BY

