22 снежня 2025 года на філалагічным факультэце адбылося штогадовае мерапрыемства «Калядны дабрачынны баль».
Праект «Калядны дабрачынны баль» ‒ традыцыйнае мерапрыемства філалагічнага факультэта БДУ, гісторыя якога ў 2025 годзе налічвае 15 гадоў. Праект з’яўляецца лаўрэатам і пераможцам конкурсу “Лепшы маладзёжны праект БДУ”.
У гэтым годзе ў рамках Праекта была аказана дапамога ў зборы сродкаў Міронавічу Платону з аг. Ляскоўка, Мінскі раён, з дыягназам двухбаковая хранічная нейросенсорная тугавухасць (Платон знаходзіцца пад апекай дабрачыннага фонду «Шанец»). Збор сродкаў завершаны.
Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі курсанты ДУА «Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь», курсанты ваеннага факультэта БДУ, прадстаўнікі факультэтаў БДУ.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся дэкан філалагічнага факультэта Сяргей Важнік. Урачыстым адкрыццём свята сталі традыцыйныя бальныя танцы: паланэз і вальс дэбютантаў у выкананні курсантаў ваеннага факультэта БДУ і студэнтак 1 курса філалагічнага факультэта БДУ.
На балі былі вызначаны «Кароль і каралева». Конкурс прадугледжваў 4 этапы: дэфіле, конкурс на лепшае фота і TikTok-візітоўкі, якія праводзіліся ў анлайн фармаце, інтэлектуальны квіз, а таксама конкурс танцавальнай імправізацыі.
Звання «Кароль і каралева балю 2025» удастоена пара Курпешка Уладзіслава і Таболіч Аліны. Спецыяльнай намінацыі «Дэфіле» ўдастоена пара Сяргей Уладзіслаў і Лаўгач Таццяна. Лепшай у намінацыі «Квіз» стала пара Салодышаў Іван і Шаўцова Ганна.
Урачыстая цырымонія перадачы карон пераможцам адбылася пры ўдзеле дэкана факультэта Сяргея Важніка і заснавальніка Каляднага дабрачыннага балю, уладальніка тытула «Каралева балю 2015», выпускніцы філалагічнага факультэта Юліі Строк.
На працягу ўсяго вечара гучалі навагоднія творы ў выкананні студэнтаў філалагічнага факультэта.














BY

