Сэрвісы

Павел Паўлавіч Шуба (да 100-годдзя з дня нараджэння)

Павел Паўлавіч Шуба (да 100-годдзя з дня нараджэння)

П.П. Шуба нарадзіўся 15 студзеня 1926 года ў вёсцы Танежыцы Слуцкага раёна. Скончыў Слуцкае педагагічнае вучылішча, Мінскі педагагічны інстытут. Пасля заканчэння аспірантуры ў 1955 годзе працаваў старшым выкладчыкам Гродзенскага педагагічнага ўніверсітэта. Шэсць год быў супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства АН БССР. З 1961 года – на кафедры рускай мовы філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (з 1975 па 1999 – загадчык кафедры). У 1972 годзе стаў доктарам філалагічных навук, у 1973 – прафесарам.

Калі Павел Паўлавіч быў разам з намі, нам здавалася, што мы ведалі про яго ўсё. Ведалі, што ён быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, Заслужаным дзеячам навукі Рэспублікі Беларусь, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі, рэдактарам часопіса “Русский язык и литература”, членам саветаў па абароне дысертацый. Ведалі, што ён аўтар каля 350 навуковых прац, што падрыхтаваў шмат кандыдытаў і  дактароў навук. Але толькі пасля таго, як Паўла Паўлавіча не стала, даведаліся аб тым, што ён пісаў цудоўныя вершы; што, захапляючыся фатаграфіяй, сам змайстраваў фотапавелічальнік; што цікавіўся астраноміяй,  склаў схему зорак, па якой можна было вызначыць месяц, чысло і час дня; што працаваў загадчыкам хаты-чытальні ў вёсцы Танежыцы і па сумяшчальніцтву выконваў абавязкі сакратара Чаплічскага сельскага савета. Безумоўна, многае мы не ведаем, але бясспрэчна тое, што таленавіты чалавек з’яўляецца таленавітым у многіх сферах чалавечай дзейнасці. Павел Паўлавіч  менавіта такі чалавек. Яго талент быў многаразова памножаны на велізарную працаздольнасць, аб чым сведчаць шматлікія навуковыя артыкулы, падручнікі,  дапаможнікі.

Так, упершыню ў беларускім мовазнаўстве П.П. Шуба манаграфічна апісаў прыслоўі (1962) і прыназоўнікі (1971), выдаў “Тлумачальны слоўнік беларускіх прыназоўнікаў” (1993), які з’яўляецца першым у беларусістыцы слоўнікам асобнай часціны мовы, прымаў удзел у напісанні прац па граматыцы беларускай мовы. Гэта і акадэмічныя выданні (“Граматыка беларускай мовы”, тт. І–ІІ, 1962–1966, “Беларуская граматыка”, ч. 1–2, 1985–1986), і падручнікі па беларускай мове для студэнтаў (1957, 1959, 1961).

Пад кіраўніцтвам П.П. Шубы быў створаны цыкл падручнікаў па рускай мове для студэнтаў-філолагаў. У яго ўвайшлі тры тамы, прысвечаныя асноўным раздзелам універсітэцкага курса сучаснай рускай мовы, а таксама зборнікі заданняў для практычных і лабараторных заняткаў.

Вялікае месца сярод навуковых прац П.П Шубы займаюць лексікаграфічныя выданні. Ён з’яўляецца сааўтарам такіх грунтоўных лексікаграфічных прац, як “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (тт. 1–5, 1977–1984), “Беларуска-рускі слоўнік” (1962), з яго ўдзелам падрыхтаваны тлумачальныя слоўнікі беларускай і рускай моў для сярэдняй школы (1966, 1975).

П.П. Шуба даследаваў праблему беларуска-рускіх моўных сувязей, пытанні беларускай анамастыкі, методыкі выкладання беларускай і рускай моў.

З асаблівай увагай ставіўся Павел Паўлавіч да стварэння школьных падручнікаў. Ён сааўтар падручнікаў па рускай мове для 5–9 класаў і па беларускай мове для 2–4 класаў, якія шматразова перавыдаваліся.

Амаль чвэрць стагоддзя П.П. Шуба кіраваў кафедрай рускай мовы філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У кожнага чалавека ёсць свой стыль кіраўніцтва, свае этычныя прынцыпы, сваё бачанне функцыянавання кафедры. І стыль кіраўніцтва, і асноўныя этычныя прынцыпы Паўла Паўлавіча былі закладзены ў ім самім: гэта яго цудоўныя чалавечыя якасці, яго адказныя адносіны да любой справы, яго апераджальнае бачанне самага важнага, галоўнага ў жыцці кафедры.

З усіх добрых чалавечых якасцей на першае месца неабходна, відаць, паставіць удзячнасць і памяць як двуадзіную якасць. Мы павінны быць удзячныя не толькі сваім бацькам, настаўнікам, сябрам, але і людзям, якія хоць бы раз у жыцці падтрымалі, штосьці добрае зрабілі для нас. Павел Паўлавіч быў для нас і настаўнікам, і сябрам, і апекуном. Мы яму за гэта ўдзячныя і будзем памятаць аб гэтым заўсёды.

ph120120257236834687364.jpg

ph1201202582736823673682.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image