15 студзеня 2026 г. завяршыўся трэці этап Рэспубліканскай алімпіяды школьнікаў па беларускай мове і літаратуры. Старшынёй журы ў Віцебскай вобласці быў запрошаны дактарант кафедры беларускага мовазнаўства БДУ дацэнт Уладзімір Іванавіч Куліковіч, для якога сёлетняя алімпіяда стала 32-й.
Спаборніцтва юных філолагаў адбывалася ва УА «Віцебскі дзяржаўны індустрыяльна-тэхналагічны каледж», дзе адначасова праходзіла і алімпіяда па рускай мове і літаратуры (старшыня журы – дэкан факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый УА «Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава» Сяргей Мікалаевіч Нікалаенка).
Акрамя выканання конкурсных заданняў лепшыя знаўцы рускай і беларускай моў Віцебшчыны (а гэта 150 старшакласнікаў) мелі магчымасць сустрэцца са старшынямі журы, задаць пытанні і атрымаць кваліфікаваныя адказы адносна паступлення на філалагічны факультэт БДУ і ў ВДУ імя П.М.Машэрава.
Сярод настаўнікаў, чые вучні прымалі ўдзел у алімпіядзе, было нямала і тых, хто некалі вучыўся ў БДУ. Адна з іх – Вольга Аляксандраўна Зарэцкая, якая закончыла філфак у 2003 г. Менавіта яе вучаніца адзначана дыпломам І ступені ў 10 класе.
Звяртаючыся да Уладзіміра Іванавіча, былая студэнтка, а цяпер кампетэнтны педагог, адзначыла: «Вы навучылі нас, студэнтаў, не баяцца мовы і бачыць у ёй шмат загадкавага і цікавага. І такі падыход падсвядома прымяняю і я сёння. Мабыць, таму адгукаецца ён ужо і ў вучнях Вашых вучняў».








BY

