2 сакавіка 2026 года студэнты 3 курса 14-й групы спецыяльнасці “Славянская філалогія” разам з куратарам дацэнтам кафедры беларускага мовазнаўства Т.Л. Чахоўскай наведалі Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь з'яўляецца найбуйнейшым фондавым і экспазіцыйным сховішчам прадметаў мастацтва ў краіне. На сённяшні дзень колькасць твораў ва ўсіх калекцыях і фондах складае 37 тысяч адзінак з больш чым 132 краін і каля 12 стагоддзяў гісторыі чалавецтва.
З 19 снежня 2025 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстава “Элегантнасць серабра: скарбы Аманскага двара” з калекцыі Нацыянальнага музея Султаната Аман. На выставе прадстаўлены найбольш яркія і цікавыя творы з калекцыі Нацыянальнага музея, што дэманструе багацце гістарычнай і культурнай спадчыны Амана.
На выставе прадстаўлены разнастайныя прыклады традыцыйных кінжалаў, створаных у розныя перыяды аманскай гісторыі, экспануюцца традыцыйныя касцюмы, якія дэманструюць разнастайнасць функцый аманскага адзення, якое ўвасабляе рэлігійныя перакананні, ідэнтычнасць, сціпласць, абарону, ўпрыгожванне і годнасць.
Студэнты наведалі нацыянальную калекцыю “Беларускае мастацтва ХХ – пачатку ХХІ ст.”.
У кожнага вялікага горада ёсць свой мастак. Для Мінска такім майстрам, які здолеў перадаць дыханне сталіцы, рытмічны характар гарадскога жыцця, стаў народны мастак Беларусі Май Данцыг (1930-2017). Манументальнае палатно “Мой горад старажытны, малады” – не толькі яркі і выразны партрэт горада, гэта мастацкі дакумент эпохі, які адлюстроўвае дух часу.
Мастак нібы запрашае нас адначасова ў мінулае, сучаснасць і будучыню, імкнецца паказаць развіццё вобраза ў часе і прасторы, у шматслойнасці гістарычных пластоў.


BY 
