Сэрвісы

«КАЗАЧНЫ КУФАР», АБО КОТ БАЮН У АДПАЧЫНКУ

«КАЗАЧНЫ КУФАР», АБО КОТ БАЮН У АДПАЧЫНКУ

11 сакавіка 2026 года вууэбны корпус філалагічнага факультэта БДУ па вуліцы Даўгабродская стаў пляцоўкай для вандроўкі ў свет казак і пацешных гісторый.

Загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Вера Дзянісенка і навучэнец ДУА «Гімназія №14 г. Мінска» Аляксей Дзянісенка падрыхтавалі мастацкую праграму «Падарожжа па сузор’ях казак», а жывы аповед бабы Даркі і дзеда Алеся ў галоўных ролях падарыў гледачам сапраўдны зарад пазітыўных эмоцый і творчага натхнення.

Для пастановак батлейкі былі адабраны пяць казак з Фонду вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору: «Коцік, пеўнік і лісіца», «Казка пра ката», «Ліса-каталічка», «Казка пра казла і барана» і «Як воўк хацеў стаць святым».

Вера Дзянісенка прадставіла творчы калектыў «Казачнага куфра»: супрацоўнікаў лабараторыі Анастасію Сцельмашук і Ганну Іванову, студэнтаў 3 курса спецыяльнасці «беларуская філалогія» Аляксея Дубоўскага і Рамана Марукіна, студэнтаў 4 курса спецыяльнасці «руская філалогія» Дар’ю Іванову, Аліну Каспяровіч і Таццяну Агіевіч.

У канцы мерапрыемства запрошаныя госці атрымалі магчымасць зрабіць агульную фатаграфію з творчым калектывам філфакаўскіх «казачнікаў» на фоне батлейкі.

Такім чынам, праект «Казачны куфар» аб’яднаў народныя традыцыі і сучасны погляд на казкі, падарыў гледачам шмат усмешак і новых уражанняў.

Image

Рэсурсы

Image
Image