Кафедра
Адрас:
ауд. 625, 654
вул. Даўгабродская, 20
Беларусь
220030
Тэлефон: +375 17 350-21-76
E-mail:
Сайт: http://www.folkndl.bsu.by
Загадчык: Дзянісенка Вера Сяргееўна
Дата стварэння:: красавік 2005 года
Колькасць супрацоўнікаў: 4.
Дзейнасць лабараторыі
- вучэбная – забеспячэнне вучэбнымі і метадычнымі матэрыяламі для заняткаў па фалькларыстыцы, арганізацыя фальклорнай практыкі і выніковых мерапрыемстваў па ёй, падрыхтоўка да выдання вучэбна-метадычных дапаможнікаў.
- навуковая – распрацоўка актуальных напрамкаў і праблем сучаснай фалькларыстыкі, правядзенне кансультацый, падрыхтоўка навуковых выданняў.
- платныя паслугі – магчымасць працы з запісамі фонда фальклорных матэрыялаў і інш.
Гісторыя
Гісторыя
Напачатку 60-х гадоў, калі на філалагічным факультэце БДУ намаганнямі кандыдатаў навук, дацэнтаў Веры Захаравай і Ніла Гілевіча была ўведзена абавязковая двухтыднёвая палявая вучэбная практыка па фальклору, фалькларыстыка на філфаку БДУ стала планамернай, сістэматычнай і мэтанакіраванай. Яны зацікавілі зборам фальклору шырокае кола выкладчыкаў кафедраў беларускай і рускай літаратур, прадбачліва вызначылі плённы рэгіянальны напрамак фалькларыстычных даследаванняў, распачалі выданне сабраных матэрыялаў. У розныя гады фальклорныя запісы склалі выдадзеныя Нілам Гілевічам фундаментальныя зборнікі “Песні сямі вёсак”, “Песні народных свят і абрадаў”, “Казкі і апавяданні беларусаў”, “Лірычныя песні”, “Лірыка беларускага вяселля”, “Замовы”. Унікальныя запісы на Палессі, якое, па словах акадэміка Мікіты Талстога, можна назваць “своеасаблівым запаведнікам стараславянскай культуры”, склалі заснаваную Верай Захаравай серыю “Беларускі фальклор у сучасных запісах”.
Фалькларыстычная праца на моўных і літаратурных кафедрах філалагічнага факультэта падрыхтавала адкрыццё на філфаку БДУ ў студзені 1981 года Міністэрствам адукацыі Беларусі спачатку сектара беларускага фальклору і дыялекталогіі ў межах праблемнай НДЛ сацыялагічных даследаванняў філалагічнага факультэта БДУ, а ў 1985 годзе – уласна навукова-даследчай лабараторыі беларускага фальклору як каардынацыйнага цэнтра па збіранні, вывучэнні і даследаванні фальклору ў ВНУ Беларусі. Асновай яе працы сталі створаныя на аснове кафедральных архіваў філфака БДУ, а пазней і архіваў філфакаў большасці іншых універсітэтаў і інстытутаў 5 фальклорных архіваў НДЛ: рэгіянальнага, жанравага, аўдыё- і відэаматэрыялаў, архіву іншых народаў свету.
Ініцыятарамі стварэння НДЛ, якія вызначылі не толькі асноўныя напрамкі даследавання, але і формы сучаснай мастацкай інтэрпрэтацыі музычнага фальклору, былі выдатныя беларускія фалькларысты ХХ ст. Рыгор Шырма і Генадзь Цітовіч (апошнія два гады свайго жыцця працаваў у лабараторыі на стадыі яе станаўлення). У 90-я гады у станаўленні лабараторыі ўдзельнічаў пераемнік Р.Шырмы як мастацкага кіраўніка Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Шырмы Уладзімір Раговіч, які стварыў на аснове запісаў НДЛ трохтомную фундаментальную працу “Песенны фальклор Палесся” (2001–2002).
Напачатку 90-х гадоў лабараторыя афіцыйна была пераведзена пад узначаленне кафедры беларусазнаўства, на якой тады працавалі выкладчыкі фальклору. А з 1994 г. і лабараторыя функцыянавала пры кафедры тэорыі літаратуры, якая забяспечвала выкладанне фальклору на філалагічным факультэце.
1 красавіка 2003 года вучоным саветам Навукова-даследчай часткі БДУ было прынята Палажэнне, у якім афіцыйна замацоўвалася новая назва лабараторыі як лабараторыя беларускага фальклору. Скасаванне ў назве “і дыялекталогіі” было абгрунтавана тым, што з 1996 года навуковыя даследаванні этналінгвістычнага характару ў лабараторыі не распрацоўваліся, а матэрыялы дыялекталагічных практык пачалі канцэнтравацца ў архіве новастворанай на філалагічным факультэце кафедры гісторыі беларускай мовы, якая пачала самастойна ажыццяўляць дыялекталагічную практыку з 1997 года.
У розныя гады ў лабараторыі працавалі Ліцьвінка Васіль, Кутырова Галіна, Астрэйка Вера, Антропаў Мікалай, Літвіновіч Анатоль, Сергун Ларыса, Марушкевіч Людміла, Котаў Мікола, Раговіч Уладзімір, Харчанка Марына, Дарашэнка Людміла, Трайкоўская Валянціна, Запрудскі Ігар, Кавалёва Рыма, Шырына Алена, Мячыкава Ірына, Сірата Мікалай, Выдронак Юрый, Каратай Віктар. Іх навуковая дзейнасць і вызначала асноўныя праблемна-тэматычныя напрамкі даследаванняў лабараторыі: лакальна-рэгіянальнае вывучэнне нацыянальнага фальклору, адукацыйна-культуралагічная інтэрпрэтацыя фальклору як асновы этнічнай і традыцыйнай народнай культуры, этналінгвістыка. У 2000-х вектары даследаванняў трохі змяніліся і на пярэдні план выступілі сацыядынаміка фальклору, фенаменалогія фальклорных жанраў, міждысцыплінарнае вывучэнне фальклору.1 красавіка 2005 года загадам па БДУ НДЛ беларускага фальклору была рэарганізавана ў вучэбна-навуковую лабараторыю (ВНЛ) беларускага фальклору на бюджэтнай аснове фінансавання (упершыню ў гісторыі) у складзе вучэбнай і навуковай частак.
З 2019 г. лабараторыя функцыянуе ў складзе кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства.
Архівы
Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору з’яўляецца каардынацыйным цэнтрам фальклорнай практыкі. Менавіта тут распрацоўваюцца і карэктуюцца праграмы-апытальнікі, нормы афармлення справаздачных матэрыялаў, тэматыка штогадовых збораў і менавіта сюды трапляюць усе фальклорныя і этнаграфічныя матэрыялы, сабраныя студэнтамі філалагічнага факультэта. Фальклорны архіў пры лабараторыі існуе з моманту яе ўтварэння (яшчэ да рэарганізацыі), але толькі ў ліпені 2019 года ён атрымаў дакументальны статус і асобную назву – фонд фальклорных матэрыялаў. У яго склад увайшлі рэгіянальны архіў, жанравы архіў, аўдыя- і відэаархіў, збор лічбавых носьбітаў (дыскаў, дыскет і іншых электронных накапляльнікаў са справаздачнымі матэрыяламі па фальклорнай практыцы) і эталонны фалькларыстычны мультымедыйны банк (фонд лічбавых копій фальклорных матэрыялаў, які змяшчаецца на сайце электроннай бібліятэкі БДУ і паступова папаўняецца) – https://elib.bsu.by/handle/123456789/121880.
Захаванне фальклорных матэрыялаў – адна з асноўных задач лабараторыі. У нашым фондзе захоўваюцца ў многім унікальныя запісы з усіх рэгіёнаў Беларусі, пачынаючы з канца 1950-х гадоў. Дадзены матэрыял склаў аснову фундаментальных даследаванняў, якія выконваліся на базе лабараторыі, а таксама разнастайных зборнікаў і манаграфій фалькларыстаў БДУ, ГДУ імя Ф. Скарыны і НАН Беларусі.
Новым напрамкам у дзейнасці вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору з’яўляецца праца з наведвальнікамі. Калі раней фальклорны архіў быў пераважна закрытым універсітэцкім зборам, то з 2019 года матэрыялы сталі даступныя ўсім жадаючым, але на платнай аснове. З больш падрабязным пералікам паслуг і іх коштам можна пазнаёміцца на сайце лабараторыі ў раздзеле «Платныя паслугі» (http://folkndl.bsu.by).


BY 
