Студэнты 1-га курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія” разам з куратарам групы, старшым выкладчыкам А.А.Радзевічам, наведалі літаратурна-дакументальную выставу, прымеркаваную да 140-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка і перакладчыка Змітрака Бядулі. Выстава была арганізавана супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.
Студэнты пазнаёміліся з унікальнымі архіўнымі дакументамі, звязанымі з творчасцю класіка беларускай літаратуры, з невядомымі старонкамі з жыцця пісьменніка і яго вяликай сям’і.
Імпрэзу адкрыла дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Алена Аляксандраўна Макаранка, якая адзначыла знакавасць асобы Змітрака Бядулі, аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры, для нацыянальнай культуры і духоўнай гісторыі Беларусі.
Студэнты з цікавасцю выслухалі ганаровага госця выставы – сына Змітрака Бядулі, Яфіма Самуілавіча Плаўніка, які расказаў пра малавядомыя факты з жыцця бацькі і яго вялікай сям’і.
Н.М.Шапран, галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова”, пазнаёміла з чарговым (красавіцкім) нумарам выдання, што амаль цалкам прысвечаны Змітраку Бядулю.
Пра ўнікальны экспанат выставы – кнігу-самаклейку, зробленую самім Змітраком Бядулем, расказала Г.В.Запартыка – вядомая беларуская архівістка, літаратуразнавец і культурная дзяячка, шматгадовая супрацоўніца Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.
Агляд дакументаў выставы зрабіла Н.А.Мізон – куратар выставы, акцэнтаваўшы ўвагу прысутных на ліставанне Змітрака Бядулі з сябрамі і калегамі.
Упрыгожаннем імпрэзы стала выступленне паэта Леаніда Дранько-Майсюка, які вызначыў месца, значэнне і ролю З. Бядулі – пісьменніка, які пачуў і перадаў голас роднай зямлі, традыцыі народнай культуры, атмасферу свайго часу.





BY

