Сэрвісы

РОЛЯ ПЕДАГАГІЧНАЙ ПРАКТЫКІ Ў ПРАФЕСІЙНАЙ ПАДРЫХТОЎЦЫ СТУДЭНТАЎ-ФІЛОЛАГАЎ

РОЛЯ ПЕДАГАГІЧНАЙ ПРАКТЫКІ Ў ПРАФЕСІЙНАЙ ПАДРЫХТОЎЦЫ СТУДЭНТАЎ-ФІЛОЛАГАЎ

22 красавіка 2026 г. студэнты IV курса спецыяльнасцей «Руская філалогія (па накірунках)» і «Славянская філалогія» прынялі ўдзел у рабоце круглага стала «Роля педагагічнай практыкі ў прафесійнай падрыхтоўцы студэнтаў-філолагаў», арганізатарам якога выступіла дацэнт кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры І. Э. Саўко. Студэнты падзяліліся ўражаннямі пра вытворчую педагагічную практыку, зацікаўлена абмеркавалі пытанні, якія ўзніклі падчас выступленняў.

Алеся Юрцова расказала пра свае першыя крокі на педагагічным шляху, звярнуўшы асаблівую ўвагу на дапамогу і падтрымку з боку настаўніка рускай мовы і літаратуры А. А. Пермяковай, якая шчодра дзялілася прафесійнымі сакрэтамі, давала прастору для творчасці, раіла «ўваходзіць у клас з любоўю да слова і да дзяцей». Агульнае ўражанне ад педагагічнай практыкі Алеся ахарактарызавала так: «Я ўпэўнілася ў правільнасці выбару прафесіі і пакідала школу з пачуццём, падобным да таго, якое застаецца пасля прачытання добрай кнігі, – ёсць жаданне вярнуцца».

Кацярына Рудзько падзялілася вопытам выкладання беларускай мовы і літаратуры ў восьмых класах, у тым ліку правядзення ўрока ў нестандартнай форме, і адзначыла: «У мяне атрымалася ўстанавіць з вучнямі добрыя адносіны, і таму ўрокі былі цікавыя і для мяне, і для дзяцей. Падчас практыкі я атрымала сапраўднае задавальненне ад таго, што займалася любімай справай – перадавала веды. І не нудна і суха, а жвава і даступна».

Анастасія Рыцько ахарактарызавала цяжкасці, якія ўзніклі ў практыкантаў напачатку работы, і прапанавала спосабы іх пераадолення, напрыклад: выкарыстанне тэхнікі «няйтральнай прысутнасці» для самакантролю ў розных педагагічных сітуацыях; складанне спіса парушэнняў дысцыпліны з падзелам іх на крытычныя і не вельмі значныя; стварэнне па кожнай тэме «метадычнага партфеля» ўніверсальных заданняў, у тым ліку «модульных уставак» (міні-гульняў, пытанняў для дыскусіі, пісьмовых работ на 5–10 хвілін), якія магчыма арганічна дабавіць у структуру ўрока ў выпадку форс-мажорнай сітуацыі. Анастасія адзначыла, што самым прыемным на педпрактыцы было ўзаемадзеянне з дзецьмі, якія актыўна ўключаліся ў вучэбны працэс, падзяляючы энтузіязм настаўніка-практыканта.

Ганна Лецка, зыходзячы з вопыту работы падчас практыкі, дала адказы на пытанні «Як паспець за 45 хвілін выканаць усё, што запланавана на ўрок?», «Як заслужыць павагу з боку дзяцей?», «Як падтрымліваць дысцыпліну ў класе?», «Як хутка і аб’ектыўна ацэньваць вучняў падчас урока?», «Як вырашаць пытанне некарэктнасці лінгвістычнага ці метадычнага матэрыялу, які ёсць у розных дапаможніках?» і інш. Яна адзначыла, што «кожная праблема – гэта падарунак, без вырашэння праблем не было б прафесійнага росту».

Таццяна Агіевіч расказала, якія вывады зрабіла для сябе ў выніку праходжання педагагічнай практыкі, і пра прафарыентацыйнае мерапрыемства ў фармаце інтэрактыўнай лекцыі, падчас якога вучняў восьмага класа асабліва зацікавіла інфармацыя пра «Школу юнага філолага», што працуе на філалагічным факультэце БДУ. Дар’я Якімовіч ахарактарызавала спецыфіку дзейнасці студэнтаў на кожным з этапаў практыкі: адаптацыйным, вучэбна-трэніровачным, залікова-трэніровачным – і звярнула ўвагу на «плюсы» і «мінусы» прафесіі настаўніка. Ксенія Наркевіч адзначыла, што работа настаўніка – адна з самых складаных і адказных і неабходна ўмець знайсці падыход да вучняў і быць аўтарытэтам для іх, каб шлях у гэтай прафесіі быў паспяховым. Валерыя Аляшкевіч падзялілася вопытам выкарыстання праектнай дзейнасці на ўроках вывучэння пейзажнай лірыкі ў V класе. Ганна Сташэўская, якая амаль год працуе настаўнікам рускай мовы і літаратуры, расказала, якія каштоўныя для маладога педагога якасці яна набыла за гэты час.

Удзельнікі круглага стала падкрэслілі, што вытворчая педагагічная практыка садзейнічае асобаснаму росту і дазваляе развіць уменнні і навыкі, неабходныя ў будучай прафесійнай дзейнасці, кім бы ні працаваў выпускнік філалагічнага факультэта.

ph2904202619273892739823.jpg

ph290420261927389723.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.