05.05.2026 у рамках работы па прафесійна-працоўным выхаванні і фарміраванні кар’ерных кампетэнцый выкладчык кафедры германскага мовазнаўства Д.В. Шайбакова правяла для студэнтаў 8 навучальнай групы 1 курса спецыяльнасці «рамана-германская (англійская) філалогія» дэбаты «Спецыяліст vs AI: хто застанецца без працы?». Мерапрыемства прымеркавана да Міжнароднага дня працы і накіравана на аналіз уплыву штучнага інтэлекту на рынак працы, параўнанне магчымасцей спецыялістаў-філолагаў і II-інструментаў, вызначэнне перспектыў моўных прафесій ва ўмовах імклівай тэхналагічнай трансфармацыі.
Падчас мерапрыемства студэнты паглядзелі і абмеркавалі кароткі аналітычны відэасюжэт, заснаваны на даследаванні ўразлівасці амаль 800 прафесій да аўтаматызацыі з дапамогай штучнага інтэлекту. Далей удзельнікі дэбатаў звярнуліся да трох профільных прафесій – выкладчык замежнай мовы, перакладчык і лінгвіст-даследчык – і калектыўна ацанілі, якія задачы ў гэтых сферах II ужо здольны выконваць, якія застаюцца выключна чалавечай прэрагатывай і якія навыкі неабходна развіваць, каб заставацца запатрабаванымі ў будучыні.
Цэнтральным элементам мерапрыемства сталі дэбаты на тэму «II заменіць моўных спецыялістаў у бліжэйшыя 20 гадоў». Падзяліўшыся на дзве каманды, студэнты вылучалі аргументы за і супраць, абапіраючыся на факты з відэа і ўласны досвед. Прыхільнікі аўтаматызацыі адзначалі хуткасць і няспыннае ўдасканаленне ІІ-інструментаў, у той час як іх апаненты падкрэслівалі незаменнасць культурнага кантэксту, эмпатыі, жывых педагагічных зносін і экспертнай ацэнкі пры рабоце з мовай.
Завяршылася мерапрыемства індывідуальнай рэфлексіяй, падчас якой кожны студэнт сфармуляваў, ці змянілася яго пункт гледжання пад уплывам дэбатаў, і вызначыў канкрэтны крок для павышэння ўласнай кампетэнтнасці ў будучай прафесіі. Такі фармат спрыяў інтэграцыі аналітычнай, камунікатыўнай і рэфлексіўнай дзейнасці, дазволіў спалучыць знаёмства з актуальнымі навуковымі дадзенымі, прагназаванне кар’ерных трэндаў і асэнсаванне асабістай прафесійнай траекторыі. Праведзенае заняцце падкрэсліла, што ў эпоху алгарытмаў менавіта жывое крытычнае мысленне, этычная адказнасць і глыбокая міжкультурная чуласць застаюцца ключавымі канкурэнтнымі перавагамі філолага.




BY

