7 мая старшы выкладчык кафедры беларускага мовазнаўства А.М.Муравіцкая ў межах аўдыторных заняткаў па вучэбнай дысцыпліне “Беларуская мова (Прафесійная лексіка)” правяла са студэнтамі 1-га курса юрыдычнага факультэта спецыяльнасці “Правазнаўства” мемарыяльную гутарку-прэзентацыю “Пяром і зброяй: беларускія пісьменнікі і паэты – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”, прымеркаваную да Дня Перамогі.
З першых дзён вайны беларускія пісьменнікі і паэты змагаліся з ворагам. Яны былі ў войсках, партызанскіх атрадах, падпольных арганізацыях, працавалі ў армейскіх ці падпольных выданнях. І здолелі таленавіта занатаваць у сваіх творах праявы мужнасці і здрады.
Студэнты падрыхтавалі паведамленні і прэзентацыі пра Васіля Быкава, Янку Брыля, Івана Мележа, Максіма Танка, Кандрата Крапіву і іншых удзельнікаў ВАВ, прачыталі вершы сваіх любімых паэтаў. Некаторыя з гэтых вершаў прагучалі асабліва шчымліва … Накшталт верша Максіма Танка “Перакройванне шыняля”:
-- Нешта вы, маці, сыноўскі
Шынель гэты доўга хавалі.
Зараз прыкіну,
Што можна пашыць з яго
Вашаму ўнуку.
Вось толькі шкада,
Мо недзе ля печы
Рукаў асмаліла…
-- Не, у той дзень наша вёска гарэла…
-- Ну, я памяркую, прыкіну.
Ды тут і крысо, зачапіўшыся,
Нехта падзёр на цвіку.
-- Не, гэта – на дроце калючым…
-- Тут можна было б падтачыць.
Вось толькі на самых грудзях
Невялічкая дзірка ад молі…
-- Не, гэта ад кулі…


BY

