28.09.2026 выкладчык кафедры германскага мовазнаўства К. У. Раманаўскас правяла выхаваўчае мерапрыемства са студэнтамі 2 і 4 курсаў спецыяльнасці «Рамана-германская філалогія» пад назвай «Echoes of Generations» («Рэха пакаленняў»). Мерапрыемства арганізавана ў рамках навучальных праграм па дысцыплінах «Модуль «Другая замежная мова – 1» (англійская)» (2 курс) і «Модуль «Другая замежная мова – 3» (англійская мова)» (4 курс).
Мэта мерапрыемства – фарміраванне ў студэнтаў каштоўнасных адносін да сям'і, сваіх вытокаў і пераемнасці пакаленняў праз вывучэнне гісторыі свайго роду. Задачы мерапрыемства: 1) пазнаёміць студэнтаў з асновамі генеалагічнага пошуку, правіламі сістэматызацыі даных і складання сямейнага дрэва; 2) развіць навыкі даследчай дзейнасці, публічных выступаў, крытычнага аналізу сямейных рэліквій (фатаграфій, лістоў, дакументаў); 3) садзейнічаць умацаванню сямейных традыцый, выхаванню пачуцця гонару за сваіх продкаў, фарміраванню грамадзянскай адказнасці і захаванню гістарычнай памяці.
У межах мерапрыемства кожны ўдзельнік прэзентаваў сваё сямейнае дрэва ў фармаце даклада з мультымедыйнай прэзентацыяй. Студэнтам удалося не толькі сістэматызаваць разрозненыя сямейныя веды, але і авалодаць базавымі навыкамі генеалагічнага даследавання. У 80% удзельнікаў дрэва было дапоўнена новымі галінамі, аб існаванні якіх яны не падазравалі. Адным з самых маштабных і ўражлівых праектаў стала праца студэнткі 4 курса Марыі Філіповіч – ёй удалося прадставіць карпатліва адноўленае генеалагічнае дрэва, якое налічвае 93 сваякі. Свой праект студэнтка аформіла ў выглядзе вялізнага мультымедыйнага дрэва, дзе кожная галіна была забяспечана не толькі імёнамі і датамі, але і кароткімі гісторыямі жыцця, ператварыўшы сухую статыстыку ў сапраўдны летапіс сям'і. Гэтая праца наглядна даказала, што за кожным радаводам стаіць унікальны чалавечы лёс, непарыўна ўплецены ў палатно айчыннай гісторыі.
Мерапрыемства выклікала высокі эмацыйны водгук і жывую цікавасць у студэнтаў. У ходзе мерапрыемства высветлілася, што прафесіі, выбраныя продкамі ўдзельнікаў –дзяржслужба, ваенная справа, педагогіка, мастацтва – былі для іх не проста крыніцай даходу, а сапраўднай жыццёвай місіяй, якая сфарміравала характар іх нашчадкаў і заклала падмурак іх уласных каштоўнасцей. Вывучэнне гісторыі сям'і стала для студэнтаў не абстрактным абавязкам, а глыбока асабістым працэсам. Гэта садзейнічала ўмацаванню аўтарытэту старэйшага пакалення ў вачах моладзі і ўсведамленню непарыўнай сувязі асабістай біяграфіі з гісторыяй Айчыны.




BY

