13кастрычніка ў межах дысцыпліны «Практыкум па напісанні лінгвістычнай навуковай работы» дацэнт кафедры германскага мовазнаўства С.С. Катоўская правяла са студэнтамі 2 курса 10 групы спецыяльнасці «нямецкая філалогія» гутарку аб правілах камунікацыі ў навукова-адукацыйным асяроддзі. Мэтай мерапрыемства стала фарміраванне навыкаў навуковай камунікацыі, навучанне этычным правілам і прынцыпам, выхаванне паважлівых адносін да ўдзельнікаў акадэмічнага дыялогу, развіццё прафесійнай кампетэнцыі.
Мерапрыемства было пабудавана вакол папярэдняга задання: студэнты самастойна вывучылі рэкамендаваную літаратуру і сфармулявалі ключавыя прынцыпы акадэмічнага ўзаемадзеяння. Іх адказы былі абагульнены ў зводны пералік, прадстаўлены на слайдах на нямецкай мове. Удзельнікі абмеркавалі крытэрыі навуковага тэксту (аб’ектыўнасць, дакладнасць тэрміналогіі, лагічная структура), а таксама пытанні акадэмічнай этыкі.
Асобную ўвагу надалі праверцы крыніц і пытанням плагіяту, суаўтарства і навуковай дзейнасці па-за ўніверсітэтам. Студэнты даведаліся пра крытэрыі аўтарства, этыку сумесных публікацый, а таксама пра канферэнцыі, студэнцкія навуковыя гурткі і праграмы акадэмічнай мабільнасці БДУ.
Практычная частка была прысвечана рашэнню кейсаў, якія правяралі сацыяльныя навыкі студэнтаў у канкрэтных камунікатыўных сітуацыях (устанаўленне кантакту з аўдыторыяй; вядзенне дыялогу з навуковым кіраўніком; перапіска па навучальных пытаннях у сацыяльных сетках і месэнджарах; адказы на пытанні; рэакцыя на заўвагі і інш.).
Гутарка прайшла ў даверлівай атмасферы. У канцы мерапрыемства студэнты пакінулі водгукі на Адукацыйным партале ў выглядзе эсэ «Што я змяню ў сваіх камунікатыўных паводзінах».



BY

