21 лістапада група кітайскіх студэнтаў-стажораў з Хэнаньскага ўніверсітэта і Фуданьскага ўніверсітэта, якія праходзяць навучанне на філалагічным факультэце БДУ, разам з дацэнтам кафедры прыкладной лінгвістыкі Аксанай Міхайлаўнай Дарагакупец-Навіцкай наведалі знакавае для кожнага беларуса месца – Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Экскурсія стала для маладых людзей не проста знаёмствам з гісторыяй Беларусі, але і глыбокім эмацыйным перажываннем, якое дазволіла па-новаму зірнуць на падзеі Другой сустветнай вайны. Кітайскі народ добра ведае, якім высокім коштам дасталася перамога: падчас вайны супраць японскіх захопнікаў Кітай страціў дзесяткі мільёнаў чалавек.
Экспазіцыя мінскага музея выклікала ў кітайскіх студэнтаў-стажораў жывы водгук і шчырае суперажыванне. Падчас экскурсіі студэнты прайшлі па ўсіх залах музея – ад пачатку вайны і абароны Брэсцкй крэпасці да Залы Перамогі – і з вялікай цікавасцю разглядалі фатаграфіі і ваенныя зкспанаты. Асаблівае ўражанне на кітайскіх гасцей зрабілі маштабы разбурэнняў, якія зазнала Беларусь, гісторыя партызанскага руху і трагедыя спаленых вёсак. Многія студэнты адзначылі, што лёсы беларусаў і кітайцаў у тыя гады вельмі моцна падобныя: абодва народы перажылі жорсткую вайну і змаглі перамагчы толькі дзякуючы сваёй мужнасці і адзінству.
«Мы шмат ведалі пра Другую сусветную вайну з кніг, але ўбачыць сапраўдныя лісты салдат і асабістыя рэчы людзей, якія ўсё гэта перажылі, – гэта зусім іншае пачуццё», – падзялілася ўражаннямі Лю Цін.
«Мяне вельмі ўразіла стойкасць беларусаў. У Кітаі мы таксама памятаем і шануем сваіх герояў, таму нам вельмі блізкае і зразумелае імкненне беларусаў захаваць праўду пра тую вайну і берагчы мір», – адзначыла Ма Лянміньхуэй.
Падобныя экскурсіі дапамагаюць замежным студэнтам глыбей даведацца пра гісторыю і культуру Беларусі – менавіта з такой жывой цікавасці і пачынаецца шчырае сяброўства паміж народамі.






BY

