Сэрвісы

КРУГЛЫ СТОЛ «РОЛЯ ПЕДАГАГІЧНАЙ ПРАКТЫКІ Ў ПРАФЕСІЙНАЙ ПАДРЫХТОЎЦЫ СТУДЭНТАЎ-ФІЛОЛАГАЎ»

7 красавіка 2021 г. на філалагічным факультэце адбыўся круглы стол «Роля педагагічнай практыкі ў прафесійнай падрыхтоўцы студэнтаў-філолагаў», у якім прынялі ўдзел студэнты IV курса спецыяльнасцей «Славянская філалогія», «Руская філалогія (па накірунках)» і кіраўнікі педагагічнай практыкі. Студэнты падзяліліся вопытам, набытым падчас вытворчай практыкі, адзначылі вялікую ролю педагагічнай практыкі ў прафесійным станаўленні філолагаў як будучых настаўнікаў і выкладчыкаў.

Крысціна Бабровіч расказала пра станоўчыя ўражанні ад працы ў якасці настаўніка рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе, пра цяжкасці, якія могуць сустрэцца падчас педагагічнай практыкі, і пра шляхі іх пераадолення, звярнула ўвагу на важнасць уменняў студэнтаў-практыкантаў тлумачыць новую тэму так, каб яе зразумелі ўсе вучні, падкрэсліла, што педагагічная практыка – гэта вельмі важны этап, які садзейнічае набыццю ведаў, уменняў і навыкаў, неабходных для далейшай якаснай педагагічнай дзейнасці.

Наталля Шмаенкова і Яна Машкова адзначылі, што студэнты іх падгрупы ставілі перад сабой задачу не толькі вучыць школьнікаў беларускай мове і літаратуры, але і прывіваць любоў да гэтых прадметаў, таму імкнуліся рабіць урокі і інфарматыўнымі, і цікавымі, для чаго выкарыстоўвалі займальны матэрыял, праводзілі віктарыны, гульні і інш. Дзяўчаты расказалі пра вынікі маніторынгу чытацкіх інтарэсаў школьнікаў, праведзенага ў межах выканання задання па педагогіцы, і пра прафарыентацыйную работу з вучнямі старэйшых класаў сярэдняй школы № 38. Таксама яны звярнулі ўвагу на станоўчыя бакі і цяжкасці ў рабоце настаўніка.

Надзея Варанько, Дар’я Дзям’янава, Елізавета Маскаль падчас педагагічнай практыкі працавалі пад кіраўніцтвам Т. У. Рубанік і над творчым групавым праектам па прафарыентацыі, вынікам чаго з’явіўся дакументальны фільм пра філалагічны факультэт БДУ.

Андрыян Татарынаў падзяліўся меркаваннем наконт узаемаадносін практыкантаў і вучняў гімназіі, параўнаў асаблівасці выкладання рускай і беларускай мовы і літаратуры, унес прапанову знаёміць студэнтаў у працэсе вывучэння педагогікі са спецыфікай той дакументацыі, напрыклад класнага журнала, якую неабходна будзе весці настаўніку ў школе.

Уладзімір Палішчук звярнуў увагу на асаблівасці навучання рускай мове і літаратуры студэнтаў Юрыдычнага каледжа БДУ, расказаў пра творчыя заданні, якія прапаноўваліся на занятках, выказаў пажаданне замяніць у заданні па псіхалогіі характарыстыку аднаго вучня на характарыстыку ўсяго класа. Па меркаванні У. Палішчука, аналіз узаемаадносін у класным калектыве, праведзены ў пачатку педагагічнай практыкі, дапамог бы практыкантам у далейшай арганізацыі працы з вучнямі.

Алёна Касцова падзялілася вопытам праходжання практыкі ў Ліцэі БДУ, ахарактарызавала адрозненні навучання ў сярэдняй школе і ліцэі, асаблівасці правядзення заняткаў у профільных філалагічных класах, а таксама звярнула ўвагу на методыкі выкладання ў дыстанцыйным і аўдыторным фарматах навучання, падкрэсліўшы эфектыўнасць менавіта аўдыторнай формы. А. Касцова адзначыла высокі ўзровень ведаў ліцэістаў, які патрабуе і вельмі якаснай і фундаментальнай падрыхтоўкі студэнтаў-практыкантаў, што працуюць з такімі вучнямі.

Педагагічная практыка студэнтаў накірунку «Руская мова як замежная» была арганізавана на факультэце даўніверсітэцкай адукацыі і на філалагічным факультэце БДУ. Валерыя Вінглеўская і Дар’я Вячорка ахарактарызавалі спецыфіку выкладання рускай мовы як замежнай студэнтам розных нацыянальнасцей, падкрэслілі пэўную цяжкасць работы з навучэнцамі, якія валодаюць рускай мовай на розных узроунях, але часцей за ўсё на «нулявым», паказалі відэафрагмент занятку па рускай мове, праведзенага з кітайскімі студэнтамі.

Практычна ва ўсіх выступленнях і справаздачах былі словы падзякі настаўнікам і выкладчыкам базавых устаноў адукацыі г. Мінска: сярэдніх школ №№ 1, 38, гімназій №№ 5, 29, 31, Ліцэя БДУ, Юрыдычнага каледжа БДУ, факультэта даўніверсітэцкай адукацыі БДУ. Назіранні за працай настаўнікаў-філолагаў, знаёмства з іх педагагічным вопытам, кансультацыі, атрыманыя ад прафесіяналаў, дапамагалі практыкантам выпрацоўваць сваё бачанне будучай педагагічнай дзейнасці. Студэнты адзначылі, што яны вучыліся знаходзіць індывідуальны падыход да вучняў, спраўляцца з нетыповымі сітуацыямі, а таксама ўпэўніліся ў праўдзівасці наступных слоў А. Барбюса: «Школа – гэта майстэрня, дзе фарміруецца мысленне падрастаючага пакалення; трэба моцна трымаць яго ў руках, калі не жадаеш выпусціць з рук будучыню».

Выступление студента

Профориентационная работа

Урок

Image

Рэсурсы

Image
Image
Наш сайт использует файлы cookie

Наш сайт использует файлы cookie для сбора статистики. Нажав «Принять», вы даете согласие на обработку файлов cookie в соответствии с Политикой обработки файлов cookie.