КРУГЛЫ СТОЛ ПА ВЫНІКАХ ПЕДПРАКТЫКІ СТУДЭНТАЎ СПЕЦЫЯЛЬНАСЦЕЙ «СЛАВЯНСКАЯ ФІЛАЛОГІЯ» І «РУСКАЯ ФІЛАЛОГІЯ»

Традыцыйны круглы стол «Роля педагагічнай практыкі ў прафесійнай падрыхтоўцы студэнтаў-філолагаў» адбыўся 7 красавіка 2022 года. Студэнты спецыяльнасцей «Славянская філалогія» і «Руская філалогія (па накірунках)» дзённай формы атрымання адукацыі падзяліліся ўражаннямі аб ходзе педагагічнай практыкі ва ўстановах адукацыі рознага тыпу: сярэдніх школах, гімназіях, ліцэі, каледжы, універсітэце.

Юлія Бараноўская расказала пра вопыт павышэння матывацыі школьнікаў пры навучанні рускай мове і літаратуры шляхам прымянення гульнявых форм работы, творчых заданняў, напрыклад стварэння скэтчноўцінга, гэта значыць візуалізацыі прачытанага тэксту пры дапамозе ілюстрацый і невялікіх цытат.

Лізавета Шаховіч, падкрэсліўшы, што зносіны з дзецьмі прыносяць вялікую радасць, звярнула ўвагу і на важныя для будучага настаўніка ўменні слухаць дзяцей і размаўляць з імі на адной мове, пераадольваць стэрэатыпы, якія склаліся ў некаторых вучняў, пра тое, што беларуская мова і літаратура – нецікавыя прадметы, на неабходнасць пры выкладанні педагогікі ва ўніверсітэце разглядаць пытанні ўсталявання на ўроках дысцыпліны.

Марыя Дзікун і Маргарыта Дойлідава расказалі пра свой вопыт выкладання рускай мовы і літаратуры ў класах філалагічнага профілю Ліцэя БДУ і ахарактарызавалі такія асаблівасці арганізацыі навучальнага працэсу ў гэтай установе адукацыі, як падзел прадметаў на профільныя і няпрофільныя, выкладанне профільных прадметаў на павышаным узроўні, працягласць заняткаў дзве акадэмічныя гадзіны, вядзенне настаўнікам электронных дзённікаў, актыўную навуковую дзейнасць ліцэістаў і інш.

Аліна Кірылава і Аліна Касоўская падзяліліся станоўчымі ўражаннямі пра работу з вучнямі гімназіі № 29. Аліна Кірылава адзначыла, што пасля праходжання педагагічнай практыкі яе адносіны да прафесіі педагога змяніліся ў станоўчы бок і калі раней яна не ўяўляла сябе ў ролі настаўніка, то цяпер зразумела, што валодае якасцямі, неабходнымі для гэтай работы.

Аліна Васільчанка расказала пра асаблівасці арганізацыі навучальнага працэсу ў ПУА «Мужчынская гімназія», падзялілася вопытам работы з вучнямі гэтай гімназіі, адказала на пытанні ўдзельнікаў круглага стала пра спецыфіку навучання дзяцей у прыватнай установе адукацыі.

Кацярына Батура зрабіла параўнальны аналіз асаблівасцей выкладання рускай мовы ў сярэдняй школе і балгарскай мовы на першым курсе філалагічнага факультэта, падкрэсліўшы, што гэта «абсалютна розныя вымярэнні» з пункту гледжання аб’ёму і зместу лінгвістычнага матэрыялу, які неабходна выкласці, методыкі выкладання мовы як роднай і як замежнай, уліку асабістых і ўзроставых асаблівасцей навучэнцаў і інш.

Чэн Сыці падзялілася ўражаннямі ад педагагічнай практыкі і ахарактарызавала спецыфіку заданняў, якія выкарыстоўвалі студэнты пры навучанні рускай мове як замежнай на філалагічным факультэце БДУ.

Мар’яна Дуброўская, Ганна Бубен і Дар’я Вераб’ёва падрыхтавалі паведамленне пра паэтычны вечар у літаратурным кабарэ «Бадзяжны сабака», які быў праведзены ў Юрыдычным каледжы БДУ. Згодна з распрацаваным студэнтамі-практыкантамі сцэнарыем, вучні пераўвасабляліся ў паэтаў срэбранага веку, чыталі вершы, удзельнічалі ў тэатралізаваных пастаноўках. Адчуць атмасферу «літаратурнага кабарэ» дапамог і фотарэпартаж з гэтага мерапрыемства, аформлены ў чорна-белай каляровай гаме.

Дар’я Вераб’ёва, гаворачы пра арганізацыю навучання старшакласнікаў, падкрэсліла, что галоўны крытэрый кампетэнтнасці і прафесіяналізму будучага настаўніка – гэта ўменне так растлумачыць складаную інфармацыю, каб яна была цікавай для кожнага. Яна зазначыла, что праца настаўнікам мяняе студэнта-практыканта ў лепшы бок, уздымае яго на новую прыступку, а жывое ўзаемадзеянне з юнымі асобамі, якія яшчэ толькі фарміруюцца, з’яўляецца невычэрпнай крыніцай натхнення.

Удзельнікі круглага стала з зацікаўленасцю абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў, звязаных з навучаннем мове і літаратуры, падзяліліся станоўчымі эмоцыямі, якія атрымалі, працуючы настаўнікамі ці выкладчыкамі, выказалі словы ўдзячнасці кіраўнікам педагагічнай практыкі.

 IMG 112d0e5f544d84a74274bf2326a85a34 V

IMG b32ccd1b5270f432f42757a67561f6b5 V

IMG d5a9b13e1730e6bce5af7b03eeacf746 V

IMG d25d7094904f7f7517432f5e44f55a56 V