7 снежня адбылася адкрытая лекцыя «Навуковая праца студэнтаў. Што? Дзе? Калі?», арганізаваная Саветам маладых вучоных філалагічнага факультэта. Мэтай сустрэчы была матывацыя юных філолагаў да займання даследчай працай і запрашэнне да ўдзелу ў навуковай камунікацыі.
Перад аўдыторыяй студэнтаў і магістрантаў былі раскрыты розныя аспекты фарміравання каштоўнасных адносін да навуковай працы: разуменне зместу і змястоўнасці тэксту, здольнасць крытычна аналізаваць інфармацыю і даказваць свой пункт гледжання, развіццё самастойнасці мыслення, дэманстрацыя ўменняў і дасягненняў ва ўласным партфоліа і іншыя.
Дацэнт кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Ганна Уладзіміраўна Навумава расказала слухачам аб арганізацыі навуковай працы студэнтаў у вучэбны і пазавучэбны час, паведаміла аб конкурсах і канферэнцыях, якія праводзяцца ва ўніверсітэце, а таксама нагадала аб формах падтрымкі маладых вучоных.
Дацэнт кафедры рускай мовы Вольга Уладзіміраўна Зуева звярнулася да пытанняў формы і зместу курсавых работ, асвятліла асобныя праблемы авалодання навуковым стылем маўлення, пазнаёміла студэнтаў з «Палажэннем аб арганізацыі падрыхтоўкі і абароны курсавой работы…», а таксама разам са слухачамі прааналізавала прыклады ўдалых і няўдалых фармулёвак у розных структурных частках курсавой работы.
Удзельнікі сустрэчы змаглі пераканацца ў тым, што даследчая дзейнасць (пачынаючы з падрыхтоўкі курсавой работы) – гэта не «рэч у сабе», далёкая ад пытанняў, якія ставіць кожны новы дзень, але той занятак, што дапамагае знаходзіць адказы на гэтыя пытанні.





BY

