10 красавіка студэнты-даследчыкі філалагічнага факультэта прынялі ўдзел у студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі «Актуальныя пытанні філалагічнай адукацыі ў ХХI стагоддзі» (у рамках Міжнароднага форуму «Студэнцкая навука – інавацыйны патэнцыял будучыні») у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.
На плянарным пасяджэнні выступіла студэнтка 2 курса спецыяльнасці «Руская філалогія» Надзея Глінская з дакладам «Міфапаэтыка мастацкага свету ў рамане-аўтафікшн Хелены Пабяржынай “Валсарб”» (кіраўнік Л. В. Камлюк-Ярашэнка). Яна пазнаёміла ўдзельнікаў канферэнцыі з вынікамі міфакрытычнага даследавання дэбютнага рамана беларускай пісьменніцы, прадэманстравала спосабы інтэрферэнцыі двух светаў у мастацкай прасторы: свету рэальнага і свету, створанага свядомасцю і словам гераіні.
Секцыя «Руская літаратура: новыя падыходы ў асэнсаванні», старшынёй якой выступіла к.ф.н., дацэнт Л. В. Камлюк-Ярашэнка, аб'яднала 11 даследчыкаў, якія займаюцца распрацоўкай самых разнастайных аспектаў паэтыкі і стылістыкі рускай літаратуры.
У ходзе пасяджэння былі прадстаўлены даклады студэнтак 4 курса Ганны Малітвік «Сітуацыі праяўлення жорсткасці ў дзіцячай прозе савецкага перыяду» і Ганны Несцер «Архетып "падшай жанчыны" ў прозе В. М. Гаршына», выкананыя пад кіраўніцтвам к.ф.н., дацэнта Л. Л. Аўдзейчык. У сваіх выступах студэнткі выпускнога курса падзяліліся вынікамі працы над дыпломнымі праектамі і перспектывамі даследавання абазначаных праблем.
Студэнты, якія працуюць пад кіраўніцтвам Л. В. Камлюк-Ярашэнкі, дэбютавалі ў фармаце канферэнцыі TED Talk, які прадугледжвае нефармальны, даступны, цікавы выклад сутнасці сваёй даследчай дзейнасці. Іх задачай было яскрава прэзентаваць высновы праведзенага даследавання і натхніць аўдыторыю на вывучэнне актуальных літаратуразнаўчых праблем. Так былі прадстаўлены даклады: студэнта 3 курса Антона Феактыстава «Спецыфіка наратыўнай мадальнасці ў рамане Я. Г. Вадалазкіна “Чагін”», студэнткі 1 курса Фяўроніі Бегіян «Семіётыка і дынаміка колеру ў паэме П. Фларэнскага “Оро”», студэнтак 2 курса Ульяны Цакуновай «Структурна-семантычная роля архетыпаў у кнізе К. Марголіс “Венецыя. Каранцінныя хронікі”», Ульяны Пятровіч «Мантаж як прынцып зборкі мастацкага цэлага ў рамане-бурыме “Вайна і мір у асобна ўзятай школе”» і Валерыі Аляшкевіч «Міфалагема валасоў як кампанент сюжэту ў рамане Асі Валодзінай “Пратагоніст”».
Навуковую эстафету студэнтаў працягнулі навучэнцы 7-11 класаў школ г. Мінска (№225, 191, 66, 78), якія робяць першыя крокі ў літаратуразнаўстве.
Удзельнікі Студыі літаратурнага блогера: Таццяна Нядзелька і Ганна Карповіч з сярэдняй школы №3 г. Капыля, Аліса Скрабач і Марыя Сафонава з Сеніцкай сярэдняй школы – наведалі секцыю па літаратуразнаўстве ў якасці слухачоў і натхніліся на пагружэнне ў даследчую дзейнасць па літаратуры.
Па выніках работы канферэнцыі будзе выдадзены электронны зборнік матэрыялаў канферэнцыі, дзе можна азнаёміцца з усімі заяўленымі дакладамі.
Актуальныя і наватарскія выступленні захопленых філолагаў-даследчыкаў наглядна прадэманстравалі думку прафесара Е. Эткінда: «Нішто так не далёка ад сапраўднай вучонасці, як нуда… Місія інтэлектуала ў тым, каб рабіць ідэі цікавымі!».






BY

