15 красавіка 2024 г. на філалагічным факультэце БДУ адбыўся круглы стол, прысвечаны славацкаму пісьменніку ХХ стагоддзя Міла Урбану. Мерапрыемства было арганізавана дацэнтам кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства Аленай Вострыкавай і студэнтамі-славістамі 2 курса спецыяльнасці “славянская філалогія”. У працы круглага стала прыняла ўдзел загадчык кафедры дацэнт Таццяна Марозава.
Мерапрыемства пачалося прэзентацыяй жыцця і творчасці слыннага славацкага пісьменніка, якую падрыхтавала Кацярына Рудзько. Яна прадставіла этапы біяграфіі Міла Урбана, расказала пра яго творчую спадчыну і месца ў гісторыі славацкага літаратуры. Кацярына Кавалеўская падрыхтавала грунтоўны аналіз і прэзентацыю самага знакамітага рамана славацкага празаіка “Жывы біч”, які быў напісаны ў 1927 г. і цалкам прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны і яе ўплыву на жыццё і лёсы жыхароў славацкай вёскі Растокі. Студэнтка адлюставала ў сваім аповядзе глыбіню трагізму, на якім засяродзіўся Урбан у сваёй кнізе.
Ева Антонава і Валерыя Лятчэня пазнаёмілі прысутных са сваімі перакладамі на беларускую мову ўрыўкаў з рамана. Студэнткі па-майстэрску прачыталі перакладзеныя эпізоды, адзначылі праблемы і цяжкасці, з якімі сутыкнуліся падчас працы над перакладам са славацкай мовы на беларускую і адказалі на пытанні прысутных.
Іван Чэўкота распавёў пра экранізацыю рамана славацкімі кінематаграфістамі, якую знялі ў 1960-я гг. Студэнт зрабіў падрабязны разбор рэжысёрскай і акторскай работы, прааналізаваў рэцэнзіі на гэту экранізацыю і вылучыў яе адметнасці, параўнаў фільм з раманам.
Ангеліна Маразюк прадставіла ацэнку творчасці Міла Урбана і рамана “Жывы біч” славацкімі літаратурнымі крытыкамі. Напрыканцы мерапрыемства Ірына Саўко ў сваёй прэзентацыі паказала, як выглядаюць героі рамана, створаныя штучным інтэлектам.