ДЫЯЛОГАВАЯ ПЛЯЦОЎКА: ТВОЙ ВЫБАР – ФІЛФАК БДУ
Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш.
Якуб Колас
28 красавіка адбылася дыялогавая пляцоўка выкладчыкаў філалагічнага факультэта БДУ з навучэнцамі 10–11 класаў школ №№ 135, 186, 200, 210 г. Мінска.
У госці да выпускнікоў прыехалі загадчыца кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Таццяна Уладзіміраўна Рубанік і прафесар кафедры Вольга Уладзіміраўна Праскаловіч.
Абітурыенты атрымалі ўнікальную магчымасць даведацца пра філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ад яго выкладчыкаў і пагаварыць з прафесарам В. У. Праскаловіч – аўтарам вучэбна-метадычнага забеспячэння па беларускай літаратуры для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Выступоўцы распавялі пра правілы прыёму ва ўстанову вышэйшай адукацыі, прапанаваныя спецыяльнасці, перспектывы далейшага працаўладкавання.
Дырэктар СШ № 186 Максім Валер’евіч Баравік, выпускнік філфака БДУ, падзяліўся сваімі ўспамінамі пра студэнцкія гады, распавёў навучэнцам пра цікавыя напрамкі лінгвістыкі – лінгвакрыміналістыку, камп’ютарную лінгвістыку, дакументазнаўства і інш.
Навучэнцы актыўна задавалі пытанні пра магчымасці вывучэння кітайскай мовы і стажыровак ва ўніверсітэтах іншых краін, прахадных балах на спецыяльнасці філалагічнага факультэта БДУ. Акрамя таго, у фармаце дыялогу былі абмеркаваны праблемы лінгваэкалогіі – маўленчай культуры моладзі, будучыні друкаваных выданняў у кантэксце лічбавізацыі жыцця чалавека, а таксама пытанні міжнароднага супрацоўніцтва на аснове вывучэння моў і культур розных краін.
Для навучэнцаў і іх настаўнікаў была арганізавана выстава кніг супрацоўнікаў філалагічнага факультэта БДУ. Удзельнікі мерапрыемства маглі абраць у падарунак упадабанае выданне і атрымаць пісьмовае пажаданне на памяць ад гасцей-філолагаў.