15 сакавіка 2025 года філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адчыніў свае дзверы для ўдзельнікаў педагагічнага форуму «Маршрут поспеху». Гэтая падзея надала ўнікальную магчымасць кожнаму зацікаўленаму зазірнуць у свет філалогіі і педагагічнай прафесіі.
Дэкан факультэта Сяргей Аляксандравіч Важнік паведаміў выпускнікам педагагічных класаў пра адукацыйныя магчымасці, якія прадастаўляе факультэт, і пра перавагі навучання на педагагічных спецыяльнасцях.
Памочнік сакратара прыёмнай камісіі Ігар Васільевіч Нікіценка адказваў на пытанні, якія датычыліся спецыфікі прыёмнай кампаніі і асаблівасцей паступлення выпускнікоў педагагічных класаў.
Знаёмства з філалагічным факультэтам пачалося для ўдзельнікаў форуму з інтэрактыўнай пляцоўкі і стэндавай прэзентацыі факультэта. Загадчык кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Андрэй Аляксандравіч Акушэвіч разам са студэнтамі А. С. Чаўгун і А. І. Тума пагутарылі з гасцямі форуму і ўцягнулі школьнікаў у крэатыўныя філалагічныя заданні. У межах сустрэчы таксама праводзілася дэманстрацыя дасягненняў у галіне філалагічных VR-распрацовак, у якіх сучасныя тэхналогіі перапляліся з класічным навучаннем мовам і літаратуры.
Мерапрыемства падаравала ўдзельнікам мноства яркіх момантаў, новых ведаў і абудзіла цікавасць да выбару кар'еры ў галіне філалогіі.







BY

