22 сакавіка 2025 года філалагічны факультэт прыняў удзел у Адзіным дні адчыненых дзвярэй, які адбыўся ў Ліцэі імя Ф. Э. Дзяржынскага БДУ і быў накіраваны на падтрымку рэалізацыі патэнцыялу выпускнікоў, а таксама прадстаўленне ўмоў для больш свядомага выбару будучай прафесіі. Мерапрыемства стала важнай падзеяй для абітурыентаў, іх бацькоў і ўсіх тых, хто цікавіцца адукацыйнымі магчымасцямі факультэта і ўніверсітэта.
Госці Адзінага дня адчыненых дзвярэй БДУ даведаліся пра напрамкі падрыхтоўкі, асаблівасці вучэбнага працэсу і мэтавага прыёму на ўсе філалагічныя спецыяльнасці, а таксама пра перспектывы працаўладкавання. Асаблівую ўвагу выклікала спецыяльнасць «Класічная філалогія», набор на якую праводзіцца адзін раз на чатыры гады. Усе ахвотныя мелі магчымасць асабіста паразмаўляць з дэканам філалагічнага факультэта Сяргеем Аляксандравічам Важнікам, загадчыкам кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Андрэем Аляксандравічам Акушэвічам, выкладчыкамі і студэнтамі. На пытанні гасцей Адзінага дня адчыненых дзвярэй таксама адказвалі памочнік адказнага сакратара прыёмнай камісіі І. В. Нікіценка, начальнік вучэбнага цэнтра адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій Дз. А. С’янаў і старшы выкладчык кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Н. Я. С’янава.
Будучыя абітурыенты пазнаёміліся з дзейнасцю факультэта і ўніверсітэта, сустрэліся з прадстаўнікамі прыёмнай камісіі і патэнцыйнымі працадаўцамі-заказчыкамі кадраў. Каля стэнда ТАА «ДЖЭНЦІ-СПЕДЗІШН», якое актыўна супрацоўнічае з філалагічным факультэтам, заўсёды знаходзіліся шмат зацікаўленых вучняў і іх бацькоў.
Прэзентацыя факультэта змяшчала ў сабе крэатыўныя заданні па мове і літаратуры, дэманстрацыю студэнцкіх даследаванняў, літаратурных праектаў і VR-распрацовак. Пра асаблівасці студэнцкага жыцця гасцям распавядалі другакурсніцы Ільіна Вікторыя, Перахвал Варвара, Дзёмава Лізавета, Чаўгун Ганна і Антонава Аляксандра. Яны праводзілі інтэрактыўныя квэсты, знаёмілі выпускнікоў у гульнявой форме з вядомымі пісьменнікамі і паэтамі, прапаноўвалі аднавіць свае веды па беларускай мове і антычнай літаратуры.
Філалагічны факультэт БДУ дзякуе ўсім удзельнікам мерапрыемства і запрашае таленавітых абітурыентаў атрымліваць запатрабаваную адукацыю ў сваіх сценах у новым навучальным годзе!










BY

