29 верасня на філалагічным факультэце БДУ адбылася Х Міжнародная навуковая канферэнцыя «Мова – Літаратура – Культура», прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.
На пачатку канферэнцыі ў выкананні хору хлопчыкаў і юнакоў імя І. А. Жураўленкі Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі прагучалі песні на словы класікаў (дырыжор – загадчык кафедры харавога дырыжыравання БДАМ Сямён Міхайлавіч Кліманаў). На скрыпцы граў мелодыю навучэнец Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ Іван Кавалёў (выкладчык – Святлана Дзямідаўна Папова).
Потым удзельнікаў і гасцей канферэнцыі прывітаў дэкан філалагічнага факультэта БДУ С. А. Важнік.
На пленарным пасяджэнні выступілі: доктар філасофскіх навук, прафесар, загадчык кафедры «Філасофскія вучэнні» Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Аляксандр Іванавіч Лойка, навуковы супрацоўнік НАН Беларусі, унучка Якуба Коласа Вера Данілаўна Міцкевіч, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Надзея Міхайлаўна Усава, доктар філалагічных навук, прафесар, галоўны навуковы супрацоўнік НАН Беларусі Валянціна Канстанцінаўна Мароз, доктар філалагічных навук, прафесар БДПУ імя Максіма Танка Тамара Мікалаеўна Тарасава, доктар філалагічных навук, прафесар Васіль Васільевіч Шур (г. Мазыр); навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі Разалія Адамаўна Александровіч-Туфкрэо. Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа асэнсоўвалася ў розных аспектах, культурна-гістарычным, філасофска-эстэтычным і мовазнаўчым дыскурсах. На секцыйных пасяджэннях з поспехам прэзентавалі свае навукова-творчыя напрацоўкі маладыя даследчыкі.