Сэрвісы

Адкрыццё выставы “Беларуская літаратура і культура”

21 кастрычніка ў вучэбным кабінеце беларускай народнай культуры адбылося адкрыццё выставы “Беларуская літаратура і культура”. Гэта адно з юбілейных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 75-годдзя філалагічнага факультэта БДУ. Выстаўка прызначана для ўсіх, хто цікавіцца айчыннай літаратурай і культурай, на ёй прадстаўлены кнігі выкладчыкаў кафедр беларускай літаратуры і культуры, гісторыі беларускай літаратуры, тэорыі літаратуры, славянскіх літаратур, а таксама кнігі выкладчыкаў кафедры замежнай літаратуры, звязаныя з вывучэннем беларускага мастацтва слова ў еўрапейскім літаратурным кантэксце. Вельмі сімвалічна, што юбілей філалагічнага факультэта супадае з юбілеямі яго вядучых кафедр, напрыклад, кафедры беларускай літаратуры і культуры, кафедры тэорыі літаратуры і іншых.

Падчас прывітальнага слова дэкан філалагічнага факультэта, доктар філалагічных навук, прафесар І.С. Роўда расказаў пра падраздзяленні філалагічнага факультэта, прызначаныя для развіцця беларускай навукі, і адзначыў, што ў студэнтаў дзякуючы выставе з’явілася магчымасць пазнаёміцца з навуковымі інтарэсамі сваіх выкладчыкаў. І.В. Казакова – арганізатар і вядучая мерапрыемства, адзіны доктар філалагічных навук у БДУ па фалькларыстыцы – павіншавала загадчыка кафедры славянскіх літаратур, доктара філалагічных навук, прафесара І.А. Чароту з атрыманнем высокай узнагароды Сербіі “Браты Карыч”, прадставіла кнігі кафедры славянскіх літаратур, выкладчыкі якой займаюцца перакладамі, умацоўваюць культурныя і духоўныя сувязі паміж славянскімі народамі. У прыватнасці, на выставе прадстаўлена анталогія ў 5 кнігах, у якой сабраны беларускія творы, перакладзеныя на сербскую мову, складальнік – І.А. Чарота.

Доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры Т.І. Шамякіна распавяла пра гісторыю сваёй кафедры, людзей, якія на ёй працавалі, адзначыла шырокі дыяпазон навуковых пошукаў выкладчыкаў кафедры. Выступілі і члены кафедры беларускай літаратуры і культуры: доктар філалагічных навук, прафесар Л.Д. Сінькова пазнаёміла з актуальнымі літаратуразнаўчымі даследаваннямі, на выстаўцы змешчаны кнігі яе бацькі – вядомага крытыка і літаратуразнаўцы Д.Я. Бугаёва, ветэрана працы філалагічнага факультэта; пра свае навуковыя набыткі распавялі кандыдат філалагічных навук, дацэнт У.А. Навумовіч – аўтар унікальнай кнігі “Універсітэт – феномен цывілізацыі” і шэрагу мастацкіх твораў, кандыдат філалагічных навук, дацэнт А.Л. Верабей, які ўжо 36 гадоў даследуе творчасць У. Караткевіча і зараз займаецца выданнем 25-томнага Збору твораў пісьменніка, праект якога каардынуе філалагічны факультэт БДУ.

Загадчык кафедры тэорыі літаратуры, доктар філалагічных навук, прафесар В.П. Рагойша не толькі расказаў прысутным пра навуковы плён сваёй кафедры, традыцыі і наватарства, але і звярнуў увагу на тое, як важна займацца філалагічнай навукай і літаратурнай творчасцю. Напрыканцы мерапрыемства выступіла кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры Т.П. Казакова, якая прадэманстравала цікавыя і ўнікальныя навуковыя выданні выкладчыкаў сваёй кафедры, нагадала пра набліжэнне значных гістарычных дат, звязаных з айчынным кнігадрукаваннем, аздобіла сваё слова цытатамі з помнікаў старажытнага беларускага пісьменства.

Відэаролік

{gallery}2014-10-27{/gallery}

Image

Рэсурсы

Image
Image