
Падведзены вынікі конкурсу плакатаў «БДУ вачыма замежных студэнтаў»
1 лiстапада адбылося падвядзенне вынiкаў конкурсу плакатаў «БДУ вачыма замежных студэнтаў», прысвечанага 100-годдзю нашага ўнiверсiтэта. Першае месца падзялiлi памiж сабою 21 i 22 групы 3 курса, а таксама 21 група 2 курса. Ганаровыя граматы ўдзельнікам былi ўручаны намеснiкам дэкана па навуковай рабоце Таццянай Васiльеўнай Мальцэвiч i старшынёй аргкамiтэта конкурсу загадчыцай кафедры прыкладной лiнгвiстыкi Аксанай Мiхайлаўнай Дарагакупец-Навiцкай.
Студэнты і супрацоўнікі філалагічнага факультэта мелі магчымасць не толькi паглядзець на ўнiверсiтэцкае жыццё вачыма замежных студэнтаў, але i аддаць свой голас за работу, якая спадабалася. Лепшым, на думку гледачоў, прызнаны плакат 21 групы 2 курса.
Загадчыца кафедры прыкладной лiнгвiстыкi Аксана Міхайлаўна Дарагакупец-Навiцкая падзякавала ўсiм замежным студэнтам за актыўны ўдзел у конкурсе, асобна адзначыўшы першакурснiкаў. Для замежных студэнтаў, якiя жывуць i вучацца далёка ад дому, вельмi важна адчуць сябе часткай унiверсiтэцкай сям’i.
Выстава плакатаў «БДУ вачыма замежных студэнтаў»
15 кастрычніка на філалагічным факультэце БДУ адбылося адкрыццё выставы плакатаў «БДУ вачыма замежных студэнтаў». Выстава прысвечана святкаванню 100-годдзя нашага ўніверсітэта. Мэта выставы – адлюстраваць у форме плаката ролю БДУ ў жыцці замежных студэнтаў.
Кожны наведвальнік выставы можа прыняць удзел у галасаванні за лепшы плакат. Для гэтага трэба напісаць нумар плаката, які спадабаўся, на паперы і пакласці яго ў скрыню для галасавання. Таксама ацэньваць творчыя работы студэнтаў будзе журы, у склад якога ўваходзяць супрацоўнікі дэканата і выкладчыкі кафедры прыкладной лінгвістыкі. Падвядзенне вынікаў конкурсу і ўзнагароджанне пераможцаў адбудзецца 22 кастрычніка 2021 года.
Урачыстае пасяджэнне Савета філалагічнага факультэта з нагоды 100-годдзя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта
26 кастрычніка прайшло ўрачыстае пасяджэнне Савета філалагічнага факультэта, прымеркаванае да 100-годдзя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ганаровым госцем пасяджэння стаў першы прарэктар БДУ Дзмітрый Георгіевіч Мядзведзеў.
Мерапрыемства пачалося з віншавальных слоў дэкана філалагічнага факультэта Сяргея Аляксандравіча Важніка і відэазвароту рэктара БДУ Андрэя Дзмітрыевіча Караля.
Супрацоўнікі філалагічнага факультэта былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, дыпломамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і нагрудным знакам «100 год БДУ».
У арыгінальнай форме павіншавалі ўніверсітэт і сваіх выкладчыкаў замежныя студэнты. Завяршэннем пасяджэння Савета стала музычнае выступленне студэнткі 1 курса Варвары Штэфірцы і студэнта 2 курса Аляксея Нямковіча.
Віншуем супрацоўнікаў факультэта з іх заслужанымі ўзнагародамі! Жадаем плённай працы і творчых поспехаў!

Круглы стол «Каму і навошта патрэбна філалагічная фалькларыстыка? (станаўленне фалькларыстычнай школы БДУ)»
15 кастрычніка (у 14.25) кафедра тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства і вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору запрашаюць прыняць удзел у працы круглага стала «Каму і навошта патрэбна філалагічная фалькларыстыка? (станаўленне фалькларыстычнай школы БДУ)», прысвечанага 100-годдзю БДУ.
Заяўкі для ўдзелу ў дыскусіі просім дасылаць на электронны адрас ВНЛБФ Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду..
Да ўдзелу запрашаюцца выкладчыкі, навуковыя супрацоўнікі, аспіранты, магістранты і студэнты.
Мерапрыемства пройдзе на базе і пры інфармацыйнай падтрымцы аддзела абслугоўвання філалагічнага і эканамічнага факультэтаў Фундаментальнай бібліятэкі БДУ.
.jpg)
Супрацоўнікам філалагічнага факультэта ўручаны дзяржаўныя ўзнагароды
29 кастрычніка на Урачыстым пасяджэнні Савета БДУ – ключавым мерапрыемстве ў праграме святкавання 100-годдзя універсітэта – былі ўручаны дзяржыўныя ўзнагароды 28 супрацоўнікам універсітэта. Сярод іх – і прадстаўнікі філалагічнага факультэта.
Заслужаным работнікам адукацыі Беларусі стаў загадчык кафедры рускай мовы доктар філалагічных навук, прафесар Іван Сямёнавіч Роўда. Загадчык кафедры беларускага мовазнаўства доктар філалагічных навук, прафесар Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч быў удастоены Падзякі Прэзідэнта Беларусі.
Віншуем калег і жадаем ім далейшых прафесійных поспехаў!

Часопіс “Роднае слова” – да юбілею БДУ
Часопіс “Роднае слова” з самага пачатку свайго заснавання (1988 г.) стаў надзейнай пляцоўкай для публікацыі навуковых і метадычых прац супрацоўнікаў розных кафедраў філалагічнага факультэта. Таму зусім не выпадкова было вырашана сёлетні вераснёўскі нумар прысвяціць філфаку і стагоддзю БДУ. На яго тытульнай вокладцы пазначана, што гэта супольны праект рэдакцыі часопіса і філалагічнага факультэта (ініцыятар і адказны выканаўца загадчык кафедры беларускага мовазнаўства прафесар Мікалай Прыгодзіч).
Адкрываецца нумар зваротам да сённяшніх і былых філфакаўцаў галоўнага рэдактара Наталлі Шапран, дарэчы, былой выпускніцы філалагічнага факультэта. Увогуле ж аўтарамі 9-га нумара сталі цяперашні і былыя дэканы факультэта Сяргей Важнік, Іван Роўда і Алег Лойка. Сваімі ўспамінамі дзеляцца прафесары Вячаслаў Рагойша, Святлана Ганчарова-Грабоўская, Алесь Бельскі, з арыгінальнымі матэрыяламі выступаюць прафесары Вольга Праскаловіч, Ірына Казакова, ст. выкладчык Марына Савасцюк і інш. На старонках выдання чытачы знойдуць унікальныя фотаздымкі розных перыядаў гісторыі філфака, сяброўскія шаржы Канстанціна Куксо на выкладчыкаў, юбілейныя нататкі пра знакамітых лінгвістаў Арнольда Міхневіча і Льва Шакуна, рэтраспектыўныя згадкі Сяргея Шапрана пра студэнцкія гады будучых славутых пісьменнікаў-выпускнікоў філалагічага факультэта і інш.
На другой старонцы вокладкі змешчана рэкламна-прафарыентацыйная інфармацыя аб філалагічым факультэце.

Пра БДУ з любоўю, удзячнасцю і найлепшымі пажаданнямі
20 кастрычніка на філалагічным факультэце адбыўся круглы стол «Мой універсітэт», арганізаваны выкладчыкамі кафедры прыкладной лінгвістыкі і прымеркаваны да 100-годдзя БДУ. У мерапрыемстве прынялі ўдзел студэнты-замежнікі першага, другога і чацвёртага курсаў спецыяльнасці «Руская філалогія». Мэта круглага стала – палілог выкладчыкаў і студэнтаў пра мінулае і сучаснае вядучай ВНУ Рэспублікі Беларусь, пра свае ўражанні ад універсітэта, пра надзеі і перспектывы, звязаныя з атрыманнем філалагічнай адукацыі.
Адкрыла мерапрыемства дацэнт кафедры прыкладной лінгвістыкі кандыдат філалагічных навук Святлана Серафімаўна Кацэвіч. Яна павіншавала прысутных з надыходзячай юбілейнай датай і пазнаёміла з праграмай круглага стала.
Выкладчык кафедры – Мікалай Ігаравіч Краскоўскі – распавёў пра найважнейшыя этапы ў развіцці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, знакамітых вучоных, якія ў розны час тут выкладалі.
Студэнт першага курса Чжан Янь падзяліўся ўражаннямі ад пачатку вучобы на філалагічным факультэце, распавёў цікавыя факты пра БДУ, якія высветліў перад тым, як адправіцца ў Беларусь.
Марына Уладзіміраўна Дубень, выпускніца філалагічнага факультэта, а цяпер выкладчык кафедры прыкладной лінгвістыкі, падрыхтавала выступленне на тэму «Ад сесіі да сесіі жывуць студэнты весела...» пра вольны час студэнтаў нашага факультэта. Ілюстрацыяй да яе выступлення стаў цікавы відэафільм пра студэнтаў-замежнікаў, якія прымалі ўдзел у традыцыйных факультэцкіх і ўніверсітэцкіх святах, канцэртах, экскурсіях. Затым узялі слова студэнты чацвёртага курса. Ван Лінь расказала пра тое, чаму навучылася за гады вучобы, якія цяжкасці і поспехі былі ў яе студэнцкім жыцці і чым запомніцца БДУ. Яна выказала ўдзячнасць усім выкладчыкам, якія далі неабходныя веды і сталі для яе ўзорам прафесіяналізму і педагагічнай культуры.
Чэнь Сыцы казала пра любімыя вучэбныя дысцыпліны, пра значэнне рускай мовы ў яе жыцці, пра цікавых людзей, з якімі пазнаёмілася ў БДУ. Студэнтка звярнула ўвагу першакурснікаў на рэальную магчымасць займацца навуковай дзейнасцю яшчэ ў студэнцтве, падзялілася планамі на будучыню: пасля заканчэння ўніверсітэта яна спадзяецца працягнуць адукацыю ў магістратуры, а ў далейшым – і ў аспірантуры БДУ.
Студэнты ажыўлена абменьваліся ўражаннямі ад вучобы, пражывання ў інтэрнаце, адносін з беларускімі студэнтамі. Усе аднадушна зазначылі, што шчаслівыя размаўляць на рускай мове, жыць у Беларусі і вучыцца ў БДУ.
Шмат цёплых слоў было сказана ў адрас выкладчыкаў філалагічнага факультэта, самых шчырых віншаванняў з юбілеем і найлепшых пажаданняў любімаму ўніверсітэту.

100 гарадоў да 100-годдзя БДУ
30 верасня 2021 года ў рэктараце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылося ўрачыстае закрыццё веламарафону «100 гарадоў да 100-годдзя БДУ».
За чатыры месяцы студэнты, выкладчыкі і выпускнікі БДУ правезлі сцяг па розных гарадах і знакавых месцах нашай краіны.
Наш факультэт таксама не застаўся ўбаку. Да акцыі далучыліся намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Вольга Пятроўна Крычко (в. Каменная Горка), старшыня Савета ГА «Саюз жанчын БДУ» Ірына Валер’еўна Казакова, старшыня творчага саюза філалагічнага факультэта Анастасія Еўтушкевіч (в. Сычкава), Акунец Вольга (г. Мазыр), Карына Ваўранюк (г. Высокае), Аляксандра Карнялюк (г. Івацэвічы), магістрантка Вераніка Косціна (г. Слонім).
Фінальнай кропкай праекта стала ўрачыстая перадача сцяга ад студэнтаў кіраўніцтву ўніверсітэта. Кожнаму ўдзельніку ўручылі памятны медаль веламарафону «100 гарадоў да 100-годдзя БДУ». Таксама была арганізавана выстава фотаздымкаў мясцін, у якіх пабываў сцяг БДУ.

Круглы стол «Каму і навошта патрэбна філалагічная фалькларыстыка? (станаўленне фалькларыстычнай школы БДУ)», прысвечаны 100-годдзю БДУ
15 кастрычніка 2021 года на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылося пасяджэнне круглага стала «Каму і навошта патрэбна філалагічная фалькларыстыка? (станаўленне фалькларыстычнай школы БДУ)», прысвечанага 100-годдзю БДУ.
Арганізатарамі выступілі кафедра тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства і вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору. Прайшло мерапрыемства на базе залы інфармацыйных рэсурсаў аддзела абслугоўвання філалагічнага і эканамічнага факультэтаў БДУ.
У працы кругалага стала ўзялі ўдзел выкладчыкі і студэнты філалагічнага факультэта БДУ, замежныя магістранты спецыяльнасці «Літаратуразнаўства», аспіранты Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Пачалося мерапрыемства са знаёмства з кніжнай выставай «Фалькларыстычная школа БДУ», падрыхтаванай супрацоўнікамі залы інфармацыйных рэсурсаў аддзела абслугоўвання філалагічнага і эканамічнага факультэтаў БДУ. Прадставіла кніжныя выданні загадчык аддзела Жанна Сцяпанаўна Карповіч. Яна адзначыла, што сваё фарміраванне фалькларыстычная школа БДУ пачала з 50-х гадоў мінулага стагоддзя з дзейнасці выдатных выкладчыкаў Льва Рыгоравіча Барага, Івана Васільевіча Гутарава, Ніла Сымонавіча Гілевіча, Веры Анісімаўны Захаравай, пазней – Васіля Дзмітрыевіча Ліцьвінкі, якія распачалі збор і выданне фальклорных матэрыялаў, заклалі асновы вялікага архіва. Далейшае сваё развіццё школа атрымала з адкрыццём на філалагічным факультэце кафедры тэорыі літаратуры пад кіраўніцтвам прафесара Вячаслава Пятровіча Рагойшы, які аб’яднаў пад сваім крылом усіх фалькларыстаў-філолагаў факультэта. Ідэйным натхняльнікам развіцця фалькларыстычнай працы на кафедры стала вучаніца Веры Анісімаўны Захаравай дацэнт Рыма Мадэстаўна Кавалёва, пад кіраўніцтвам якой з 1994 года і па сённяшні дзень ладзіліся ўсе мерапрыемствы, рапрацоўваліся навуковыя праекты, выдаваліся дапаможнікі і навуковыя зборнікі, былі абаронены кандыдацкія дасертацыі (В. В. Прыемка, Т. А. Марозавай, Т. В. Лук’янавай, С. В. Шамякінай). Дзякуючы сумеснай працы Настаўніка і яе вучаніц, традыцыі фалькларыстычнай школы, закладзеныя пачынальнікамі, працягнуліся, з’явіліся новыя напрамкі навуковай, вучэбна-метадычнай і выхаваўчай дзейнасці.
З праблемным дакладам «Каму і навошта патрэбна філалагічная фалькларыстыка?» выступіла кандыдат філалагічных навук, дацэнт Рыма Мадэстаўна Кавалёва. Яна адзначыла велізарны ўнёсак філолагаў-фалькларыстаў у справу захавання і даследавання фальклору, а таксама падняла важныя пытанні тэрміналогіі. У прыватнасці, закранула праблему падмены паняццяў «фальклор» і «нематэрыяльная культура».
Пасля асноўнага даклада адбылася дыскусія. Для абмеркавання былі прапанаваны наступныя праблемныя пытанні:
- Суадносіны паняццяў «фальклор», «вусная народная творчасць», «нематэрыяльная культурная спадчына».
- Ці магчымы міждысцыплінарныя даследаванні без філалагічнай фалькларыстыкі?
- Ці дастаткова прадстаўлена філалагічная фалькларыстыка на старонках сучасных кніжных выданняў?
- Філалагічная фалькларыстыка ў адукацыйным працэсе ВНУ.
Вынікам круглага стала стала асэнсаванне традыцый і новых тэндэнцый у галіне фалькларыстыкі, абмеркаванне актуальных праблем сучаснай філалагічнай фалькларыстыкі, абмен навуковым вопытам.

Падведзены вынікі конкурсу творчых праектаў “Маё ўспрыманне асобы і творчасці Івана Шамякіна”, прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі
28 мая 2021 года на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта былі падведзены вынікі конкурсу творчых праектаў “Маё ўспрыманне асобы і творчасці Івана Шамякіна”, прысвечанага 100-годдзю з дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі. Конкурс праходзіў на працягу лютага 2021 года і з’яўляўся адным з пунктаў Плана мерапрыемстваў кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства і кафедры гісторыі беларускай літаратуры па святкаванні 100-годдзя Івана Шамякіна.
На ўдзел у конкурсе падалі заяўкі 24 чалавекі – школьнікі з Міханавічскай СШ Мінскага раёна, Навіцкавіцкай СШ Камянецкага раёна, СШ № 153 і гімназіі № 11 г. Мінска, студэнты і выкладчыкі філалагічнага і гістарычнага факультэтаў БДУ, супрацоўнікі бібліятэкі-філіяла № 2 імя І. Шамякіна УК «Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Магілёва».
Журы конкурсу ў складзе супрацоўнікаў кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства БДУ доктара філалагічных навук, прафесара Т. І. Шамякінай і кандыдата філалагічных навук С. В. Шамякінай, а таксама дацэнта Інстытута пагранічнай службы кандыдата філалагічных навук М. В. Шамякінай (дачкі і ўнучак пісьменніка) вылучыла 9 лепшых прац, аўтарам якіх былі ўручаны граматы ўдзельнікаў конкурсу. Сярод іх асобна былі адзначаны 4 пераможцы па намінацыях:
“Чытанне твора” – пераможца Янушкевіч Вікторыя, студэнтка 3 курса спецыяльнасці “Славянская філалогія” філалагічнага факультэта БДУ;
“Фоталетапіс” – пераможцы Несцер Ганна і Пратасава Марыя, студэнткі 1 курса спецыяльнасці “Руская філалогія” філалагічнага факультэта БДУ;
“Буктрэйлер” – пераможца Трухановіч Ян, вучань 8 класа гімназіі № 11 г. Мінска;
“Цытаты і выказванні” – пераможца Равінская Святлана Валер’еўна, загадчык бібліятэкі-філіяла № 2 імя І. Шамякіна УК «Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Магілёва».
Пераможцам былі ўручаны кнігі – выбраныя творы Івана Пятровіча Шамякіна, манаграфіі Таццяны Іванаўны Шамякінай і Славяны Вячаславаўны Шамякінай.
Вялі цырымонію загадчык кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства дацэнт Т. А. Марозава і дацэнт кафедры С. В. Шамякіна. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры прафесар А. І. Бельскі.
Арганізатары ўпэўнены, што вынікі конкурсу актывізуюць творчыя сувязі паміж школьнікамі, студэнтамі і выкладчыкамі рэспублікі, будуць спрыяць павелічэнню цікавасці да вывучэння шматграннай асобы і пісьменніцкага таленту Івана Шамякіна.

Эстафета «Полымя ведаў»
19 кастрычніка 2021 года прайшла эстафета «Полымя ведаў» – мерапрыемства, прымеркавана да 100-годдзя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На карце ўдзельнікаў эстафеты было 20 знакавых месцаў, звязаных з гісторыяй БДУ.
Старт эстафеты быў дадзены каля гістарычнага факультэта – будынка № 1 БДУ. Тут у 1921 годзе размяшчаліся праўленне і канцылярыя БДУ. Акцыя аб’яднала ўсе факультэты ўніверсітэта. Наш факультэт прадставілі студэнты другога курса Аляксандр Буланок і Ганна Рачкоўская. Завяршылася эстафета на пляцоўцы каля будынка Рэктарата. Сцяг універсітэта і сімвалічны факел былі перададзены рэктару БДУ Андрэю Дзмітрыевічу Каралю.
Віват, БДУ!