Сэрвісы

Паэтычная вечарына Віктара Жыбуля

29 красавіка на філалагічным факультэце прайшла паэтычная вечарына Віктара Жыбуля.
Вядомы паэт-авангардыст, аўтарытэтны літаратуразнаўца, удзельнік творчага руху “Бум-Бам-Літ”, перформер, пераможца паэтычных слэмаў, аўтар зборнікаў паэзіі “Калі ў хаце дывэрсант” (1996),  “Рогі гор” (1997), “Прыкры крык” (2001), “Дыяфрагма” (2003), “Стапеліі” (2012) выпускнік нашага факультэта. У 2003 г. творца абараніў кандыдацкую дысертацыю “Ідэйна-мастацкія пошукі ў беларускай паэзіі 20-х-пачатку 30-х гадоў XX стагоддзя”.
На вечарыну прыйшлі студэнты, выкладчыкі, аматары авангарднай  паэзіі.
Валодаючы не толькі талентам, але і неверагодным артыстызмам, фенаменальнай памяццю, Віктар Жыбуль чытаў (хутчэй пражываў) верш за вершам амаль дзве гадзіны, а публіка не адпускала і прасіла працягваць. Не будзе перабольшваннем назваць выступ творцы паэтычным монаспектаклем. Прагучалі вершы як больш раннія па часе напісання (са зборніка “Прыкры крык”), так і больш познія (са зборніка “Стапеліі”), і нават новыя. Напрыклад, іранічны верш “Серыйны самазабойца”, а таксама верш, які раней ніколі не агучваўся, “Філалогіі прафесар…” (дарэчы, на паэтычнай вечарыне прысутнічалі прафесары Сінькова Л.Д. і Скарапанава І.С.).
У кароткіх перапынках паміж чытаннем вершаў Віктар Жыбуль адказваў на пытанні аўдыторыі. А пытанняў было шмат. Яны тычыліся як творчасці, так і літаратуразнаўчай дзейнасці Віктара Жыбуля.
Публіка таксама прасіла паэта прачытаць пэўныя ўлюбёныя вершы. Напрыклад, “Пакахаць…”: Пакахаць, / а потым наставіць рожкі; / сустрэцца, / а потым растацца…/ Уяўляеце: / распілаваныя дошкі / пачынаюць зрастацца. / Не толькі зрастацца, / але прарастаць / і нават пускаць галінкі. / Лістота вырасце – / яе прагартаць / не хопіць дробнай хвілінкі. / Хто ведае, чаго жадае душа / ў кожным асобна ўзятым целе? / Дошкі пусцілі на камоду й шафу, / а дошкі гэтага не хацелі. / У дошках яшчэ засталася смала, / якая завіраваць гатовая. / Смала ад нараджэння ў дошках была. / Яна – тысячагадовая. / Яна прымусіць зазелянець / і шафу, і стол, і канапу. / У кожным чалавеку жыве мядзведзь / і смокча нябачную лапу. / Прачнецца мядзведзь, / затрасецца бярлог, / засвеціцца карма, адкрыюцца чакры…/ Мядзведзь, у межах бярлогу ты – бог. / А можа й не бог,/ а можа, наадварот, / ты — іржавая баржа на якары./ Баржа, магчыма, дашчэнту згніе / гадоў праз пятнаццаць, а можа, / лопне ланцуг – / і чакае яе / сусветнае падарожжа.
Сустрэча атрымалася надзвычай яскравай і запамінальнай.  Ніхто з прысутных не застаўся абыякавым.
Імпрэзу арганізаваў Савет маладых вучоных філалагічнага факультэта.
{gallery}2015-05-08{/gallery}
Image

Рэсурсы

Image
Image