11 студзеня 2016 г. у выдавецкім доме «Звязда» адбылася прэзентацыя праекта «Кітайскі сшытак» снежаньскага нумара часопіса «Маладосць» (http://www.maladost.lim.by), у стварэнні якога прынялі актыўны ўдзел супрацоўнікі і навучэнцы філалагічнага факультэта БДУ: Хмяльніцкі М.М. – загадчык кафедры кітайскай філалогіі, Нічыпарук Д.Б., Холева Г.С. – выкладчыкі кафедры кітайскай філалогіі, аспіранты Жукавец В.В., Латышкевіч М.Ю., а таксама студэнтка чацвертага курса спецыяльнасці «Усходняя (кітайская) філалогія» Марыя Мішкінь. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся дырэктар-галоўны рэдактар РВУ «Выдавецкі дом “Звязда”» А.М.Карлюкевіч, ініцыятар стварэння «Кітайскага сшытка», намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ сп. Лю Сулін. Мадэратарам прэзентацыі выступіла галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» С.Дзянісава. Загадчык кафедры Хмяльніцкі М.М. расказаў пра гісторыю і сучасны стан кітаістыкі на філалагічным факультэце; выкладчыкі кафедры кітайскай філалогіі Нічыпарук Д.Б. і Холева Г.С. праінфармавалі прысутных пра дзейнасць студэнцкага гуртка перакладчыкаў з кітайскай мовы на беларускую «Дыялог»; аспіранты філалагічнага факультэта Жукавец В.В. і Латышкевіч М.Ю. расказалі пра перспектывы параўнальна-тыпалагічнага даследавання беларускай і кітайскай літаратур; студэнтка Мішкінь Марыя падзялілася ўражаннямі аб працы над перакладамі твораў кітайскага паэта Сюй Чжымо, якія, побач з перакладамі іншых студэнтаў спецыяльнасці «Усходняя (кітайская) філалогія», былі надрукаваныя ў снежаньскім нумары часопіса «Маладосць». Удзельнікі прэзентацыі выказалі жаданне далейшага супрацоўніцтва, што будзе, безумоўна, спрыяць папулярызацыі і распаўсюджванню кітайскай мовы, літаратуры і культуры ў Беларусі.
{gallery}2016-01-12{/gallery}


BY

