Сэрвісы

Беларуская мова загучала і ў Адэсе

Паступова таварыства “Беларусь” стала сапраўдным прадстаўніцтвам Рэспублікі Беларусь  у Адэсе і Адэскай вобласці, куды з рознымі прапановамі, уласнымі просьбамі сталі звяртацца выхадцы з Брэсцка-Пінскага Палесся, ураджэнцы Наваградчыны і Віцебшчыны, старажытнага Турава і юнага Светлагорска. І ўжо зусім сваімі лічыліся тут Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, славутыя “Песняры” на чале  з незабыўным  Уладзімірам Мулявіным, удзельнікі фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Церніца”, іншыя артысты з Беларусі, што гастралявалі ў дружалюбнай Адэсе. Цяпло і гасціннасць суродзічаў адчулі тут і прадстаўнікі машына- і трактарабудаўнічых прадпрыемстваў, што працавалі на міжнародных выставах-ярмарках. А як весела і з якой выдумкай  праводзяцца на сядзібе таварыства дні нараджэння актывістаў, юбілеі, проста беларускія пасядзелкі, калі настальгічна гучаць народныя песні і прыпеўкі, узгадваюцца радкі з любімых твораў Купалы і Коласа, Багдановіча і Гілевіча, Бураўкіна і Пісьмянкова. Душой кампаніі, завадатарам самых розных мерапрыемстваў заўсёды выступае Фёдар Кавалевіч, які безбаязна можа пастукацца ў кабінет любога непрыступнага чыноўніка, умее пераканаць субяседніка, абудзіць у яго імкненне да культурна-асветніцкай дзейнасці. Менавіта яму належыць ідэя правядзення круглага стала на тэму “Беларуская мова як састаўная частка славянскага пісьменства і культуры”, які і адбыўся напрыканцы мая 2008 года.

Аўтар гэтых радкоў  добрую гадзіну распавядаў пра гістарычны лёс беларускай мовы, станаўленне і фарміраванне лексічных і граматычных формаў яе, няпростыя варункі бытавання ў нашы дні. У гутарцы прынялі ўдзел і выступілі загадчык кафедры рускай мовы Адэскага універсітэта прафесар Дзмітрый Ішчанка, прафесар Адэскай акадэміі сувязі Алег Пунчанка, дацэнт Ларыса Бурчык, мастак Вячаслаў Ігнаценка, акадэмік  Украінскай акадэміі навук Адольф Стэльмах і інш. Выступоўцы з асаблівай цеплынёй падкрэслівалі генетычную і гістарычную знітаванасць трох усходнеславянскіх моў, адзначалі высокі функцыянальны статус іх у розных сферах грамадскага і эканамічнага жыцця, асобна спыніліся на аналізе моўнай сітуацыі ў Беларусі ў сувязі з дзяржаўным двухмоўем. Арганічна ўпісалася ў пасяджэнне круглага стала і прэзентацыя “Украінска-беларускага слоўніка”, ад імя складальнікаў якога выступіла ст. навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя А. Патабні НАН Украіны Лілія Андрыенка. Варта адзначыць, што гэтая праца ўключае 60 тысяч беларускіх слоў, якія семантыкай, словаўтварэннем, фанетыкай і родавай прыналежнасцю адрозніваюцца ад украінскіх адпаведнікаў. З улікам накладу ў 5 тысяч экземпляраў і цудоўнага паліграфічнага выканання можна толькі пазайздросціць і павіншаваць ініцыятара выдання і аднаго са складальнікаў гэтай унікальнай працы акадэміра Рыгора Пятровіча Піўтарака – шчырага рупліўца на ніве беларусістыкі, члена камітэта Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў.

Круглы стол-вечарыну, якая ладзілася ў Палацы культуры імя Лесі Украінкі, завяршыла музычнае выступленне навучэнцаў беларускай нядзельнай школы, у якім прагучалі народныя песні ўсходніх славян. І яшчэ доўга не расходзіліся землякі, даваліся інтэрв’ю мясцовым тэле- і радыёстанцыям, успаміналіся дні маленства і юнацтва, узгадваліся далёкія і такія родныя назвы гарадоў і вёсак, навучальных устаноў... І гучала ў гэты вечар, атулены чарнаморскай цеплынёй і пахам акацый, беларуская мова, якая, па словах начальніка ўпраўлення па справах нацыянальнасцей і рэлігій Адэскай абласной адміністрацыі Яраславы Рэзнікавай, аб’яднала ўсіх, хто любіць і паважае свайго суседа, незалежна ад яго роднай мовы і канфесійнай прыналежнасці.

Мікалай Прыгодзіч, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар

Image

Рэсурсы

Image
Image