Літаратурная гасцёўня ў гонар Алега Лойкі

Напярэдадні Дня Перамогі, 4 мая, адбылася літаратурная гасцёўня «З пакалення дзяцей вайны», прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння Алега Антонавіча Лойкі, доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа, экс-дэкана філалагічнага факультэта БДУ, былога загадчыка кафедры беларускай літаратуры.

Распачаў літаратурную гасцёўню загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры прафесар Алесь Іванавіч Бельскі, які падкрэсліў шматграннасць творчай асобы Алега Лойкі, адзначыў, што ён – з пакалення дзяцей вайны, гэтак, як У. Караткевіч, Р. Барадулін, М. Стральцоў, Н. Гілевіч, А. Вярцінскі, П. Макаль, В. Зуёнак і інш. Пра літаратурнае пакаленне, дзяцінства якога захмарыла вайна, В. Бечык пісаў: «Яны раслі, дужэлі, выходзілі на самастойную жыццёвую дарогу, адольваючы вялікія нягоды і цяжкасці. Адсюль – вытокі іх душэўнага вопыту, абвостранага адчування жыццёвай красы…». Удзельнікаў мерапрыемства прывітаў дэкан філалагічнага факультэта дацэнт Сяргей Аляксандравіч Важнік, які згадаў Алега Антонавіча Лойку як свайго выкладчыка, адзначыў яго талент яркага, бліскучага лектара.

Потым выступіў прафесар А. І. Бельскі на тэму «Алег Лойка – беларускі паэт». Госцем літаратурнай гасцёўні стаў вядомы беларускі паэт-песеннік Кастусь Цыбульскі, які згадаў Алега Антонавіча як кіраўніка літаратурнага аб’яднання «Узлёт», з удзячнасцю сказаў пра прыхільнасць і падтрымку з яго боку, атрыманыя ўрокі творчасці, прачытаў вершы-прысвячэнні. Дацэнт Ульяна Юр’еўна Верына гаварыла пра А. А. Лойку як настаўніка ў навуцы, кіраўніка кандыдацкай дысертацыі па сучаснай беларускай паэзіі. Загадчык кафедры беларускага мовазнаўства прафесар Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч адзначыў ролю А. А. Лойкі як арганізатара філалагічнай адукацыі і навукі, рэфарматара, вучонага еўрапейскага ўзроўню, выдатнага чалавека, які раскрываўся з самага прывабнага боку ў час гутарак, супольных паездак і камандзіровак.

На філфак у гэты дзень завіталі навучэнцы Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М. С. Высоцкага. Удзельнікі аб’яднання «Класікі і сучаснікі» (кіраўнік І. М. Герасімовіч, выпускнік філфака 1986 г.) прэзентавалі літаратурна-музычную кампазіцыю «Унікальны талент Алега Лойкі». Навучэнцы прачыталі вершы Алега Лойкі пра вайну, радзіму, каханне. У канцы мерапрыемства выступіла беларуская паэтка, перакладчыца, дацэнт філфака Ірына Эрнстаўна Багдановіч, якая, апрача іншага, адзначыла, што самая вялікая ўзнагарода для паэта – гэта тое, што моладзь чытае вершы, цікавіцца роднай літаратурай, шануе мову беларускага народа.

IMG 1151

IMG 1167

IMG 1193

IMG 1256

IMG 1366