15 снежня 2023 года замежныя студэнты 3 курса спецыяльнасці «Рамана-германская (англійская) філалогія» ў суправаджэнні куратара, выкладчыка кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства Ганны Альшэўскай наведалі выставу «Анталогія прыгажосці. Традыцыйны беларускі касцюм» у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.
Падчас экскурсіі замежныя студэнты пазнаёміліся з дэталёвай рэканструкцыяй традыцыйных беларускіх касцюмаў, даведаліся аб іх разнастайнасці і адрозненнях у розных рэгіёнах Беларусі. Акрамя экспанатаў адзення, студэнты з цікавасцю разглядалі прадстаўленыя на выставе эскізы святочнага адзення, графічныя выявы беларускага народнага арнаменту, карціны беларускага жывапісу. Не пакінулі іх абыякавымі і экспедыцыйныя фатаграфіі, на якіх былі адлюстраваны стваральнікі нацыянальнай вопраткі, а таксама тыя, хто насіў яе.
Студэнтаў уразіла колькасць прадстаўленых на выставе галаўных убораў замужняй жанчыны, разнастайнасць спосабаў нашэння хусткі. Асабліва прыцягнуў іх увагу вясельны вэлюм, а таксама падлогавая дзіцячая калыска. Студэнты таксама зацікавіліся пытаннем: «Чаму на выставе прадстаўлены ў пераважнай большасці жаночыя касцюмы? Чаму мужчынскіх значна менш?»
Не пакінулі замежных студэнтаў абыякавымі прадстаўленыя прылады для працы з ільном (грабяні і іншыя інструменты), што дало ім магчымасць зразумець, наколькі працаёмкім і доўгім быў не толькі працэс пашыву касцюмаў, складанасць і карпатлівасць ручной вышыўкі, але і сам працэс стварэння тканіны.




BY

