Сэрвісы

«ПРЫЙШЛА КАЛЯДА ЎВЕЧАРЫ…»

«ПРЫЙШЛА КАЛЯДА ЎВЕЧАРЫ…»

18 снежня 2023 года ў актавай зале філалагічнага факультэта БДУ была праведзена штогадовая тэматычная серыя майстар-класаў «Каля Калядаў». Ініцыятарам дадзенага мерапрыемства выступіла вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору.

Мэтай правядзення серыі майстар-класаў з’яўлялася знаёмства і далучэнне да беларускіх калядных традыцый беларускіх і замежных студэнтаў філалагічнага факультэта і факультэта сацыякультурных камунікацый, а таксама навучэнцаў ліцэя БДУ і ДУА «Гімназія № 14 г.Мінска».

У гэтым навучальным годзе серыя майстар-класаў «Каля Калядаў» была арганізавана ў новым фармаце. Загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Вера Дзянісенка, начальнік аддзела інавацыйнага развіцця і інфармацыйных тэхналогій навучальнага цэнтра адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій Дзмітрый Малакаў, супрацоўнікі лабараторыі Кацярына Батура і Анастасія Сцельмашук, студэнты 2 курса спецыяльнасцяў «Руская філалогія» і «Славянская філалогія» – Ганна Лецка, Яна Краўчанка, Артур Манкевіч, Дар’я Іванова, Аліна Каспяровіч, Валерыя Аляшкевіч, Паліна Вількель, Іван Чаўкота, навучэнец ДУА «Гімназія № 14 г. Мінска» Аляксей Дзянісенка падрыхтавалі фальклорна-мастацкую праграму «Каляднае кола», дзе распавялі пра калядныя сямейныя традыцыі, народную кухню і сімволіку калядных масак.

Атмасферу самабытнага святкавання Каляд узнавілі запрошаныя госці з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва – фальклорны калектыў «Этнасуполка» пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры народна-песеннай творчасці і фальклору факультэта мастацкай культуры Таццяны Пладуновай і харэографа Ірыны Хамутовай. Гледачы атрымалі магчымасць не толькі ўбачыць абрад калядавання, але і самім навучыцца некаторым традыцыйным калядным танцам і забавам.

Акрамя таго, госці «Каля Калядаў» сталі актыўнымі ўдзельнікамі флэшмобу «Спяваем разам!». Выкладчык кафедры прыкладной лінгвістыкі Марына Дубень распавяла пра сакрэты выканання беларускай традыцыйнай песні і развучыла калядку разам з публікай.

На мерапрыемстве прысутнічалі намеснік дэкана па навуковай рабоце і міжнародным супрацоўніцтве Таццяна Мальцэвіч, прафесар кафедры культуралогіі факультэта сацыякультурных камунікацый Святлана Снапкоўская, а таксама загадчыкі кафедрамі і выкладчыкі філалагічнага факультэта. З прывітальным словам і пажаданнямі шчаслівых навагодніх святаў выступілі дэкан філалагічнага факультэта Сяргей Важнік і прафесар кафедры гісторыі беларускай літаратуры Ірына Казакова.

У канцы серыі майстар-класаў «Каля Калядаў» у гасцей філалагічнага факультэта была магчымасць зрабіць сэлфі ў каляднай масцы, а таксама агульную фатаграфію з арганізатарамі і творчым калектывам супрацоўнікаў лабараторыі і студэнтаў, якія падрыхтавалі дадзенае мерапрыемства.

 vtkaliaduvt3.jpg

vtkaliaduvt2.jpg

 

Image

Рэсурсы

Image
Image