З 22.01.24 па 31.01.24 на філалагічным факультэце БДУ пройдзе шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня беларускай навукі. Адбудуцца пасяджэнні круглых сталоў і навуковых семінараў, прысвечаных актуальным пытанням мовазнаўства, літаратуразнаўства і методыкі выкладання філалагічных дысцыплін, будуць праведзены майстар-класы па метадалогіі навуковай дзейнасці для студэнтаў і аспірантаў, а таксама пазнавальныя мерапрыемствы для замежных студэнтаў; будуць працаваць выставы навуковых прац.
Кафедра класічнай філалогіі на пасяджэнні міжуніверсітэцкага круглага стала «Методыка выкладання латыні і дысцыплін класічнага цыкла» прапануе да абмеркавання пытанні методыкі выкладання лацінскай мовы на гуманітарных і прыродазнаўчых факультэтах ВНУ, у медыцынскіх універсітэтах і каледжах, а таксама выкладання дысцыплін класічнага цыкла для студэнтаў спецыяльнасці «Класічная філалогія».
Кафедра кітайскай філалогіі плануе правесці семінар «Кітаістыка на філалагічным факультэце БДУ: сучасны стан і перспектывы развіцця», прысвечаны разгляду гісторыі станаўлення і развіцця кітаістыкі на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта; будуць разгледжаны асноўныя напрамкі і дасягненні навуковай і інавацыйнай дзейнасці кафедры кітайскай філалогіі, заснаванай у 2011 г.; будзе арганізавана выстава навуковых выданняў і публікацый супрацоўнікаў структурнага падраздзялення за апошнія 10 гадоў.
Навуковыя даклады па новых жанрах літаратуры (сінтэтычных жанрах, жанрах сеткавай літаратуры) і сучаснага фальклору (інтэрнэт-фальклору) будуць прадстаўлены на пасяджэнні круглага стала «Актуальныя праблемы сучаснай жанралогіі» кафедры тэарэтычнага і славянскага літаратуразнаўства.
Кафедра гісторыі беларускай літаратуры праводзіць навуковы семінар, прысвечаны 95-годдзю Д.Я. Бугаёва - прафесара, лаўрэата дзяржаўнай прэміі БССР, літаратуразнаўца і крытыка.
На семінары «Сумесныя навуковыя даследаванні выкладчыкаў кафедры рускай мовы і замежных вучоных» будуць абмеркаваны пытанні аб праведзенай рабоце па супрацоўніцтве вучоных і перспектывах такога супрацоўніцтва ў бліжэйшыя гады.
Круглы стол «Актуальныя праблемы даследавання і выкладання рускай літаратуры - 2024» праводзіць кафедра рускай літаратуры. На навукова-практычны семінар «Інавацыі ў выкладанні філалагічных дысцыплін» запрашае кафедра рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры. Пасяджэнне дыскусійнага клуба кафедры тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы як замежнай прысвечана праблемам развіцця стратэгічнай лінгвадыдактыкі.
Маладыя вучоныя кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства падзеляцца са студэнтамі, магістрантамі, аспірантамі вопытам падрыхтоўкі навуковых работ і напісання дысертацый на навукова-метадычным семінары «Першыя крокі ў навуку».
У чытальнай зале бібліятэкі філалагічнага факультэта (вул. К. Маркса, 31) адкрыецца выстава новых выданняў, падрыхтаваных вучонымі факультэта, адбудзецца прэзентацыя вучэбна-метадычнага дапаможніка «Сучасная беларуская мова. Хрэстаматыя». Выстава навуковых прац даследчыкаў беларускай літаратуры і фальклору будзе працаваць у кабінеце-музеі беларускай народнай культуры.
Для замежных студэнтаў кафедра прыкладной лінгвістыкі арганізуе экскурсію-віктарыну «Святкуем Дзень навукі»: студэнты наведаюць аддзел рэдкай кнігі і падрыхтаваную да Дня навукі кніжную выставу ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, пазнаёмяцца з дасягненнямі сучаснай беларускай навукі, структурай навуковых цэнтраў і інш. Замежныя студэнты таксама змогуць прыняць удзел у інтэлектуальнай гульні «Выбітныя навукоўцы-філолагі» і пашырыць веды пра беларускіх філолагаў, навуковыя даследаванні якіх адыгралі найважнейшую ролю ў развіцці русістыкі.
Кафедра замежнай літаратуры праводзіць «Аспіранцкі марафон: канцэпцыі, тэзы, дыскусіі», на якім будуць абмяркоўвацца вынікі даследаванняў маладых вучоных падчас працы чатырох секцый: «Рэпрэзентацыя інакавасці ў мастацкай літаратуры», «Катэгорыя жанру на розных этапах літаратурнага працэсу», «Паэтычныя практыкі ў сусветнай літаратуры», «Кампаратыўныя даследаванні у сучасным літаратуразнаўстве».
Філалагічны факультэт запрашае да ўдзелу ў навукова-практычных мерапрыемствах, прысвечаных Дню беларускай навукі - 2024!
Больш падрабязна з праграмай мерапрыемстваў можна азнаёміцца тут.


BY

