24 студзеня 2024 г. на філалагічным факультэце БДУ прайшло пасяджэнне Міжуніверсітэцкага круглага стала «Методыка выкладання лацінскай мовы і дысцыплін класічнага цыкла», арганізаванага кафедрай класічнай філалогіі і прысвечанага Дню беларускай навукі.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел выкладчыкі лацінскай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Петразаводскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытута замежных моў РДПУ імя А.І. Герцэна (Санкт-Пецярбург). Да ўдзельнікаў Круглага стала з прывітальным словам звярнулася Таццяна Васільеўна Мальцэвіч, намеснік дэкана па навуковай рабоце і міжнародным супрацоўніцтве філалагічнага факультэта БДУ.
Актуальным праблемам выкладання лацінскай мовы ў медыцынскай ВНУ былі прысвечаныя даклады старшых выкладчыкаў кафедры лацінскай мовы БДМУ Рамашкевічус Святланы Канстанцінаўны і Макрыцкай Таццяны Пятроўны. Выкарыстанне сістэмы Moodle у працэсе падрыхтоўкі электронных вучэбна-метадычных комплексаў па медыцынскай латыні разглядалася ў выступленні загадчыка кафедры лацінскай мовы БДМУ Круглік Наталлі Анатольеўны. Асаблівасці перакладу са старажытнагрэчаскай мовы ў працэсе выкладання дысцыплін спецыяльнасці «Класічная філалогія» абмяркоўваліся ў рамках дакладаў прафесара кафедры класічнай філалогіі БДУ Гарнік Антаніны Васільеўны і загадчыка кафедры класічнай філалогіі БДУ Кірычэнка Арыны Уладзіміраўны. Магістранты Петразаводскага дзяржаўнага універсітэта Кацярына Машакова і Анастасія Бубнова пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры класічнай філалогіі, рускай літаратуры і журналістыкі ПетрДУ Скарападскай Ганны Аляксандраўны прадставілі даклад «Тэрміналагічны аспект першаснага засваення класічных моў». Вопытам выкладання класічных моў і антычнай культуры ў педагагічнай ВНУ падзялілася Мушчыніна Людміла Мікалаеўна, дацэнт кафедры раманскай філалогіі Інстытута замежных моў РДПУ імя А. І. Герцэна. Пра аптымізацыю метадычнага забеспячэння студэнтаў спецыяльнасці «Класічная філалогія» БДУ вёў размову ў сваім выступленні старшы выкладчык кафедры класічнай філалогіі БДУ Мінкевіч Дзмітрый Генадзьевіч.
Вялікую цікавасць выклікалі даклады дацэнта кафедры лацінскай мовы БДМУ Андрэя Зіноўевіча Цысыка, прысвечаныя паняційна-слоўнаму ўвасабленню смехавых відаў старажытнагрэчаскай мастацкай творчасці і антычнай і рэнесанснай семантыцы смеху і віна ў рамане Франсуа Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль».
Усе ўдзельнікі Круглага стала прынялі актыўны ўдзел у абмеркаванні прапанаваных тэм і праблем.





BY

