26 лістапада 2024 г. на філалагічным факультэце прайшла навуковая канферэнцыя "Супруноўскія чытанні - 2024", прысвечаная памяці прафесара А.Я.Супруна і прымеркаваная да юбілею факультэта. Канферэнцыя была арганізаванар кафедай тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ.
У канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 20 дакладчыкаў: выкладчыкі філалагічнага факультэта, аспіранты і магістранты, у тым ліку аспіранты з КНР. Удзельнікі канферэнцыі прадстаўлялі наступныя ўніверсітэты і навукова-даследчыя арганізацыі: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, віцебскі філіял Міжнароднага ўніверсітэта "МІТСО", Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.
На адкрыцці канферэнцыі выступіла з вітальным словам намеснік дэкана філалагічнага факультэта па навуковай працы і міжнароднаму супрацоўніцтву Т.В.Мальцэвіч.
У тэматыцы дакладаў адлюстроўваліся як класічныя славістычныя праблемы, так і найноўшыя кірункі прыкладной лінгвістыкі. Праца секцый праходзіла па наступных навуковых кірунках: сучасныя даследаванні мовы: сістэмныя, сацыякультурныя і псіхалінгвістычныя аспекты; славянскае мовазнаўства: асаблівасці функцыянавання і тэндэнцыі развіцця славянскіх моў; прыкладная лінгвістыка ў інфармацыйную эпоху: праблемы і вынікі. Канферэнцыя прайшла на высокім навуковым узроўні, дазволіла даследчыкам розных школ абмяняцца ідэямі і дасягненнямі, а пачынаючым навукоўцам - адчуць сябе часткай навуковага свету. Самым маладым дакладчыкам стала студэнтка 3 курса спецыяльнасці "славянская філалогія" К.С.Рудзько, якая актыўна ўдзельнічае ў навуковым жыцці факультэта і робіць свае першыя крокі ў самастойнай даследчай дзейнасці.
У рамках канферэнцыі адбылося ўзнагароджанне студэнтаў - пераможцаў конкурсу прэзентацый "Славістыка ў сучасным свеце", арганізаванага кафедрай тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ. У рамках правядзення канферэнцыі адбылася выстава кніг заснавальніка навуковай школы "Тэорыя мовы і славістыка" А.Я.Супруна і яе дзейнага лідара Н.Б.Мячкоўскай.
Даклады, якія прагучалі на канферэнцыі, будуць выдадзены ў выглядзе зборніка артыкулаў.





BY

