23 снежня 2024 года ў актавай зале філалагічнага факультэта БДУ прайшла штогадовая тэматычная серыя майстар-класаў «Каля Калядаў», ініцыятарам правядзення якой на працягу васьмі гадоў выступала вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору.
Запрошанымі гасцямі сталі загадчыкі кафедрамі, выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты філалагічнага факультэта, ФСК, навучэнцы ліцэя ім. Ф.Э. Дзяржынскага БДУ, ДУА «Гімназія №14 г.Мінска», ДУА «Лошніцкая гімназія Барысаўскага раёна», а таксама ДУА «Сярэдняя школа №27 г.Мінска».
Загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Вера Дзянісенка, начальнік аддзела інавацыйнага развіцця і інфармацыйных тэхналогій навучальнага цэнтра адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій Дзмітрый Малакаў, супрацоўнікі лабараторыі Кацярына Батура і Анастасія Стэльмашук, студэнты 3 курса спецыяльнасці «Руская філалогія» – Ганна Лецка, Яна Краўчанка, Артур Манкевіч, Дар’я Іванова, Аліна Каспяровіч, Валерыя Аляшкевіч, Паліна Вількель, навучэнец ДУА «Гімназія №14 г. Мінска» Аляксей Дзянісенка падрыхтавалі фальклорна-мастацкую праграму «Каляднае кола», дзе распавялі пра традыцыі святкавання Каляд, народную кухню і сімволіку калядных масак.
Атмасферу самабытнага святкавання Каляд узнавілі запрошаныя госці з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва – фальклорны гурт «Этнасуполка» пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры народна-песеннай творчасці і фальклору факультэта мастацкай культуры Таццяны Пладуновай. Гледачы атрымалі магчымасць убачыць святочную праграму «Дывінскія Каляды» і далучыцца да некаторых традыцыйных беларускіх песень і забаў.
Акрамя таго, госці «Каля Калядаў» сталі актыўнымі ўдзельнікамі флэшмобу «Спяваем разам!» Выкладчык кафедры прыкладной лінгвістыкі Марына Дубень распавяла пра сакрэты выканання беларускай традыцыйнай песні і развучыла калядку разам з прысутнымі.
Самым захапляльным і чароўным момантам мерапрыемства стала прэзентацыя першай у гісторыі філалагічнага факультэта батлейкі «Казачны куфар». Для пастаноўкі былі адабраны дзве казкі з Фонду вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору – «Коцік, пеўнік і лісіца» і «Як воўк хацеў стаць святым», у прадстаўленні якіх прынялі ўдзел студэнты 2 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» Аляксей Дубоўскі, Раман Марукін, студэнты 3 курса спецыяльнасці «Руская філалогія» Дар’я Іванова, Ганна Лецка, Таццяна Агіевіч, Ганна Іванова, Артур Манкевіч.
У заключэнне загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Вера Дзянісенка падкрэсліла, што адной з найважнейшых задач, якую перад сабой ставілі супрацоўнікі лабараторыі пры стварэнні кожнай каляднай «серыі», было стварэнне іміджу філалагічнага факультэта не толькі гуманітарнага факультэта, дзе трывала захоўваюцца і выхоўваюцца духоўныя і народныя традыцыі, але і стварэнне іміджу творчага факультэта.
У канцы мерапрыемства «Каля Калядаў» у гасцей філалагічнага факультэта была магчымасць зрабіць сэлфі ў каляднай масцы, а таксама агульную фатаграфію з арганізатарамі і творчым калектывам супрацоўнікаў лабараторыі і студэнтаў, якія падрыхтавалі дадзенае мерапрыемства.


BY 
