21 сакавіка адзначаўся 185-гадовы юбілей з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча (21 сакавіка 1840 г. – 28 красавіка 1900 г.). Значэнне гэтага ўнікальнага чалавека – паэта, пісьменніка, грамадскага дзеяча, “мужыцкага адваката”, які знаходзіцца ля вытокаў не толькі нацыянальнай літаратуры і мовы, але і нацыянальнай ідэі, – немагчыма пераацаніць.
Супрацоўнікі філалагічнага факультэта, ушаноўваючы памяць Францішка Багушэвіча і аддаючы даніну павагі яго творчасці і грамадскай дзейнасці, усклалі кветкі да магілы паэта ў Жупранах, а таксама наведалі з экскурсіяй музей-сядзібу паэта ў Кушлянах.
У сценах сядзібы, у тых самых пакоях, дзе паэт правёў апошнія гады, прагучаў захапляльны аповяд пра жыццё Багушэвіча, напоўнены акалічнасцямі, якія не трапляюць у падручнікі і традыцыйныя біяграфічныя апісанні. Гэта дазволіла бліжэй пазнаёміцца з Багушэвічам-чалавекам, а таксама даведацца пра няпростую гісторыю стварэння самога музея, на тэрыторыі якога па сённяшні дзень растуць дрэвы, каля якіх, паводле падання, праходзіў паэт, кіруючы да валуна, пад якім хаваў ад лішніх вачэй напісаныя творы.
Наведванне мясцін, звязаных з Францішкам Багушэвічам, стала магчымым дзякуючы зацікаўленасці юбілеем паэта-дэмакрата з боку першаснай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў БДУ – прафкам арганізаваў экскурсійную паездку “Жыццё як паэзія: да 185-годдзя Францішка Багушэвіча”. Акрамя музея-сядзібы ў Кушлянах і магілы паэта ў Жупранах, удзельнікі паездкі наведалі Солы, Смаргонь, Жодзішкі і Крэва, пабачылі шэдэўры сакральнай архітэктуры, рэшткі вялікакняскага замка і адзіны ў Беларусі дзейсны вадзяны млын XVIII стагоддзя. Прадуманая арганізацыя, зладжанасць, добрыя адносіны да ўдзельнікаў стварылі незабыўную шчырую сяброўскую атмасферу, якая панавала падчас усёй паездкі. Дарэчы, ёсць нагода выказаць нашаму прафкаму не толькі словы падзякі, але і віншавання – 21 сакавіка першасная прафарганізацыя супрацоўнікаў БДУ атрымала ўзнагароду як пераможца рэспубліканскай медыяпрэміі “Прафсаюз на 3600” у намінацыі “Лепшы афіцыйны сайт”.
Спадзяемся, што вандроўкі, прысвечаныя знакамітым беларускім пісьменнікам і паэтам, стануць традыцыйнымі мерапрыемствамі філалагічнага факультэта і прафсаюзнага камітэта.





BY

