Больш за сто школьнікаў з усіх абласцей Беларусі прынялі ўдзел у заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, які праходзіў з 24 па 28 сакавіка ў Гомелі. Як звычайна, спаборніцтва адбывалася ў два этапы: напісанне водгуку на мастацкі твор і выкананне комплекснай работы па мове і літаратуры. Акрамя грунтоўных ведаў па вучэбных прадметах і агульнай філалагічнай падрыхтоўкі ўдзельнікі павінны былі прадэманстраваць шырыню кругагляду, валоданне творчымі навыкамі і здольнасць да крэатыўнасці. І канечне ж, як і любое спаборніцтва, алімпіяда – гэта вельмі напружанае эмацыянальнае мерапрыемства. Не толькі для саміх удзельнікаў, кіраўнікоў каманд, настаўнікаў і бацькоў, але, безумоўна, і для журы, якое павінна з работ лепшых знаўцаў беларускай мовы і літаратуры выбраць самыя лепшыя. Гэтым разам у склад журы ад філалагічнага факультэта БДУ ўвайшлі дацэнт кафедры тэарэтычнага і беларускага літаратуразнаўства Л.А.Гедзімін і дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства М.І.Свістунова. Неабходна заўважыць, што ў высокіх дасягненнях каманды вучняў г. Мінска, якая атрымала восем дыпломаў І–ІІІ ступеней і адзін пахвальны водзыў, ёсць заслуга дацэнта кафедры беларускага мовазнаўства Н.У.Чарнаброўкінай, якая прымала ўдзел у падрыхтоўцы каманды да алімпіяды.
Акрамя дыпломаў трох ступеней і пахвальных водзываў былі ўручаны спецыяльныя ўзнагароды ад Міністэрства адукацыі, старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко і мэра Гомеля Уладзіміра Прывалава. Асобны прыз уручыў і старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч.
На працягу пяці дзён удзельнікі алімпіяды не толькі працавалі, але і вельмі прадуктыўна адпачывалі. Для школьнікаў былі арганізаваны фальклорная праграма і майстар-класы па вырабе сувеніраў, прагляд спектакля “Альпійская балада”, наведванне Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, экскурсія ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны.
Правядзенне рэспубліканскай алімпіяды па розных вучэбных прадметах, у тым ліку і па беларускай мове і літаратуры, садзейнічае папулярызацыі адпаведных навуковых напрамкаў і дапамагае выявіць зацікаўленых і найбольш здольных навучэнцаў, а ім самім – вызначыцца з будучай прафесіяй.
(У публікацыі часткова выкарыстаны фатаграфіі з сайта gp.by)





BY

