3 ‒ 4 красавіка 2025 года ў рамках моладзевага праекта кафедры беларускага мовазнаўства «Шануем мову як яднання дар» на філалагічным факультэце адбыўся цыкл пазнавальных майстар-класаў для студэнтаў 1 ‒ 2 курсаў спецыяльнасцей «Беларуская філалогія» і «Славянская філалогія» з агульнай назвай «Граматычныя цікавосткі беларускай мовы», які правяла студэнтка 3 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» Настасся Новікава.
Настасся засяродзіла ўвагу студэнтаў на прадстаўленні нязменных назоўнікаў у найноўшых лексікаграфічных даведніках – «Слоўніку беларускай мовы» (2023) і «Граматычным слоўніку назоўніка» (2024), падзялілася вынікамі параўнальна-супастаўляльнага аналізу граматычных асаблівасцей нескланяльных назоўнікаў у слоўніках ранейшых гадоў выдання, правяла паралелі з прадстаўленасцю адпаведных слоў у лексікаграфічных даведніках рускай мовы, звярнула ўвагу на дыскусійныя пытанні.
Цікавасць у слухачоў выклікаў арыгінальна пададзены матэрыял пра род і акцэнталагічныя нормы назоўнікаў амерыкана, латэ, эспрэса, капучына, альпака, гуанака, графіці, ківі, манга, кеш’ю і іншых. Замацаваць веды пра род нязменных назоўнікаў студэнты змаглі падчас удзелу ў створанай студэнткай інтэрактыўнай апытанцы, удзел у якой быў адзначаны заахвочвальнымі прызамі.
Курыравалі студэнцкія майстар-класы дацэнты кафедры беларускага мовазнаўства Анжаліка Садоўская і Святлана Якуба.
Зацікаўленых запрашаем падпісацца на суполку моладзевага праекта «Шануем мову як яднання дар» у сацыяльнай сетцы Instagram (@shanuj_em), каб сачыць за навінамі праекта!








BY

