“Нам махаюць! Нас заўважылі!” – нешта ў гэтым духу крычалі нашы першакурснікі з Кітая, калі футбалісты іх маладзёжнай зборнай раптам спыніліся насупраць трыбуны, заўсміхаліся і доўга махалі ў адказ. Падчас традыцыйнага круга гонару пасля матча спартсмены заўважылі групу землякоў, якія радасна размахвалі чырвонымі сцягамі.

Магчыма, у гэтым і ёсць магія спорту – ён не проста збірае стадыёны, а стварае астраўкі роднага свету ўдалечыні ад дому. У Менску, пад беларускім небам, у гэтым нечаканым пазнаванні, падобна кветцы язміну, раптам расцвіў кавалачак Кітая: “Мы тут. І вы тут. І гэты цуд!”.

Учарашні дзень з'явіўся сапраўдным святам не толькі для футбольных балельшчыкаў, жыхароў і гасцей сталіцы, але і для кітайскіх студэнтаў нашага факультэта! Яны сталі часткай грандыёзнай падзеі – урачыстага адкрыцця Нацыянальнага футбольнага стадыёна ў Мінску, падоранага Беларусі Кітаем.

З першых хвілін атмасфера зараджала энергіяй: трыбуны стракацелі сцягамі, “хваля” кацілася ад сектара да сектара, грымелі барабаны, а ў паветры лунала адчуванне вялікага свята.
Кульмінацыяй канцэрта сталі народныя песні дзвюх краін: “Купалінка” і “Кветка язміну”. Сапраўдны феерверк эмоцый здарыўся, калі на поле выплылі кітайскія цмокі – традыцыйныя сімвалы сілы і поспеху. Захапленне, крыкі, мора фатаграфій – здавалася, што свята аб'яднала дзве культуры ў адным радасным запале.



Першакурснікі былі глыбока ўражаны найвышэйшым узроўнем мерапрыемства, дзе выступалі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і віцэ-прэзідэнт Алімпійскага камітэта КНР, і шчыра ўдзячныя універсітэту за ўнікальную магчымасць прысутнічаць на такой маштабнай гістарычнай падзеі.
“Мы так ганарымся, што можам падтрымаць сваю краіну тут, у Беларусі!” – дзяліліся потым уражаннямі студэнты. Калі зборныя дзвюх краін выйшлі на поле, яны дружна ўскочылі з месцаў, размахваючы роднымі сцягамі і спрабуючы перакрычаць беларускіх балельшчыкаў.
Матч выдаўся напружаным і азартным. Канчатковы лік 1:1 стаў прыгожым і справядлівым вынікам сапраўднай сяброўскай бітвы.
“Цяпер я дакладна ведаю: для спорту не патрэбны слоўнік – усё і так зразумела”, – падсумаваў Ван Цзычжэн, беражліва складаючы злёгку пакамячаны за вечар сцяг.

Арганізацыя мерапрыемства была бездакорнай: зручныя месцы, яскравая праграма, вельмі прыязная атмасфера. Пасля такога вечара нашы студэнты сыходзілі з палаючымі вачыма і ўпэўненасцю, што ў Беларусі ўмеюць рабіць па-сапраўднаму крутыя падзеі!

Гэта быў не проста футбол. Гэта была сустрэча сяброў, культур і эмоцый, якія запомняцца надоўга.
Дзякуй Кітаю за стадыён, а Беларусі за свята! Цяпер чакаем новых матчаў і, вядома, перамог - на полі і ў студэнцкім жыцці!




BY

