31 кастрычніка на філалагічным факультэце БДУ ў трэці раз прайшла міні-выстава "З глыбіні стагоддзяў: стараабрадніцкія кнігі кірылічнага друку". Старшы выкладчык кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства Рааго Павел Аляксандравіч прадставіў студэнтам-першакурснікам спецыяльнасцей «Беларуская філалогія» і «Славянская філалогія» частку ўласнай калекцыі друкаваных і рукапісных стараабрадніцкіх кніг, пазнаёміў з асаблівасцямі іх вытворчасці і афармлення, умовамі бытавання, са складанасцямі, што ўзнікаюць падчас іх атрыбуцыі. Выставе папярэднічаў кароткі аповед пра спецыфіку стараабрадніцкай кніжнай культуры і стараабрадніцтва ў цэлым, датычнасць беларускіх зямель да ўзнікнення стараабрадніцкага кнігадрукавання. Студэнты змаглі на свае вочы ўбачыць, а таксама пагартаць і пачытаць некалькі рэдкіх выданняў, кожнае з якіх па-свойму цікавае. У гэтым годзе ўвазе студэнтаў дэманстраваліся пераважна старадрукі, што ўваходзяць у спіс кніжных помнікаў Беларусі. Так, "Псалтыр" 1733 года, надрукаваны ў друкарні праваслаўнага брацтва Богаяўлення ў Магілёве, з'яўляецца адной з першых кніг, выдадзеных стараверамі. Што цікава, у яго афармленні выкарыстаныя застаўкі з дошак, створаных для выдання яшчэ больш ранняга, 1705 года. Супрасльскі «Псалтыр з паследаваннем» 1791 года вылучаецца сваім вялізным памерам і надпісамі, якія сведчаць, што адным з ранейшых уласнікаў ён быў набыты у Маскве літаральна праз тыдзень пасля яе вызвалення ад войскаў Напалеона і пацярпеў (быў пашкоджаны) падчас французскага нашэсця. Віленскі «Псалтыр» 1803 года з тыпаграфіі ўніяцкага Троіцкага манастыра адметны сваімі прыгожымі буквіцамі і канцоўкамі. "Азбука пачатковага вучэння" 1918 года знаёміць, з якіх кніг пачынаўся працэс навучання дзяцей-стараабрадцаў. Асаблівую ўвагу сваім афармленнем і зместам прыцягнулі рукапісны зборнік канонаў канца XVIII ст. і рукапісныя тэксты, створаныя ў другой палове XIX стагоддзя, якія сведчаць, што царкоўнаславянская мова працягвала актыўна вкарыстоўвацца стараверамі ў палемічнай перапісцы. Таксама на выставе можна было пазнаёміцца з тэматычна блізкім уніяцкім «Малітвасловам», выдадзеным у Пачаеўскай лаўры ў 1741 годзе (уніяцкія выданні ў цэлым з'яўляюцца вельмі рэдкімі на сённяшні дзень), і пачуць, як гучалі словы шлюбнай клятвы ў сярэдзіне XVIII ст. Першакурснікі праявілі жывую цікавасць да экспазіцыі, мелі магчымасць задаць усе пытанні, якія іх цікавілі, і ў прамым сэнсе гэтага слова дакрануцца да гісторыі.





BY

