Сэрвісы

Экскурсія ў Дом-музей I з’езда РСДРП

Экскурсія ў Дом-музей I з’езда РСДРП

4 лістапада, напярэдадні 108-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, студэнты 3 курса 14 групы спецыяльнасці “Славянская філалогія” разам з куратарам дацэнтам Т.Л. Чахоўскай і загадчыкам кафедры беларускага мовазнаўства Г.К. Чахоўскім наведалі Дом-музей 1 з’езда РСДРП.

Экскурсія пачалася з аповяду пра гісторыю горада Мінска канца ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя. Студэнты даведаліся пра новыя з’явы ў культурным і грамадска-сацыяльным жыцці горада на мяжы стагоддзяў: з’яўленне ў горадзе грамадскага транспарту і першых аўтамабіляў, кінатэатраў, электрычнасці і тэлефоннай сувязі, якія назаўжды змянілі Мінск. Інавацыі былі звязаны з імем энергічнага гарадскога кіраўніка Карла Чапскага, які марыў пераўтварыць Мінск. З’яўленне ў Мінску сацыял-дэмакратаў таксама было вынікам гэтых змен.

Музей быў адкрыты ў 1923 году ў будынку, дзе ў 1898 годзе была заснавана Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя. Тут праходзіў з’езд, у якім прымалі ўдзел 9 дэлегатаў ад чатырох “Саюзаў барацьбы за вызваленне рабочага класа”. Адна з залаў музея – мемарыяльны пакой, прысвечаны даўнім падзеям. З мэблі і прадметаў інтэр’еру да нашых дзён амаль нічога не захавалася: аўтэнтычны драўляны будынак, у якім прайшло пасяджэнне з’езда, згарэў у 1941-м годзе. У 1948-м яго аднавілі на ранейшым падмурку па фатаграфіях старой экспазіцыі, а ў 1953-м перанеслі на бераг Свіслачы (раней будынак размяшчаўся бліжэй да плошчы Перамогі). Да 100-годдзя гістарычнага аб’екта будынак адрамантавалі, ён атрымаў арыгінальны выгляд.

Падчас экскурсіі было адзначана, што дэлегаты I з’езда РСДРП былі раскватараваныя ў Мінску па розных адрасах, а ў доме на вуліцы Захар’еўскай (сённяшні праспект Незалежнасці) збіраліся па вечарах.

Студэнты азнаёміліся з сапраўднымі дакументамі, фатаграфіямі, асабістымі рэчамі ўдзельнікаў з’езда і рэканструкцыяй інтэр’ераў таго часу. У фондах і экспазіцыйных залах музея размешчана больш за 400 экспанатаў. Сярод іх дакументы і матэрыялы пра ўзнікненне і дзейнасць першых марксісцкіх кружкоў у Расіі, экзэмпляр маніфеста РСДРП, выдадзенага ў Бабруйску, нумары газеты “Искра”. У доме на Захар’еўскай з 1921 па 1923 гг. жыла сям’я першага Народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, а іх суседам быў Змітрок Бядуля. Менавіта тут Купала зрабіў першы пераклад на беларускую мову “Слова пра паход Ігаравы” і напісаў шэраг паэтычных твораў.

Асобная ўвага была нададзена абмеркаванню гістарычнага кантэксту правядзення з’езда і яго ўплыву на далейшае развіццё палітычнай думкі ў нашай краіне.

Мерапрыемства дазволіла студэнтам глыбей зразумець ключавыя падзеі палітычнага і грамадскага жыцця канца XIX – пачатку XX стагоддзя, прасачыць сувязь паміж сацыяльнымі працэсамі мінулага і фарміраваннем сучаснай беларускай дзяржаўнасці.

ph051120251287849.jpg

Image

Рэсурсы

Image
Image