18 снежня 2025 года для замежных студэнтаў 1 курса спецыяльнасці «Руская філалогія» адбылася яркая культурна-адукацыйная падзея – серыя майстар-класаў «Калядная казка». Арганізатарамі праекта выступілі кафедра прыкладной лінгвістыкі і вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору філалагічнага факультэта БДУ. Іх ініцыятыва была накіравана на тое, каб пазнаёміць прысутных з багатай спадчынай беларускай народнай культуры і паказаць, што фальклор – гэта не толькі прадмет вывучэння, але і жывая з’ява, здольная аб’ядноўваць людзей розных нацыянальнасцей.
Загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору Вера Дзенісенка выступіла з займальнай лекцыяй-прэзентацыяй. Яна падрабязна распавяла пра асаблівасці святкавання беларускіх Каляд, раскрыла сімволіку абрадаў.
Старшы выкладчык кафедры прыкладной лінгвістыкі Марына Дубень пазнаёміла прысутных з каляднымі песнямі. Асаблівую ўвагу яна надала абраду калядавання і ролі калядных персанажаў – «зорканошы», «казы», «механошы», «бусла», «мядзведзя» і інш. Пад яе кіраўніцтвам студэнты 2 курса спецыяльнасці «рускай філалогіі» – Дурдыева Анабібі, Гутымава Манзура, Шатлыкава Айджан, Умідава Нурана, Аўлякулыеў Арслан, Гелдзіева Джэнет, Аразкулыева Айнур, Тараева Гунча, Галандарава Марал – выканалі беларускую калядку «Прыйшла Каляда...» Іх выступленне стала яркім прыкладам таго, як замежныя студэнты могуць не толькі вывучаць мову і літаратуру, але і актыўна ўключацца ў беларускую культуру, адчуваючы яе рытм і эмацыйную сілу.
Кульмінацыяй мерапрыемства стала прэзентацыя беларускіх народных казак у батлейцы – традыцыйным лялечным тэатры. Творчы калектыў замежных студэнтаў прадставіў гледачам казачныя сюжэты, падрыхтаваныя на аснове архіўных матэрыялаў Фонду вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору БДУ. Для лепшага разумення і ўспрымання супрацоўнікамі лабараторыі яны былі перакладзены на рускую мову, што дазволіла студэнтам глыбей пранікнуць у сэнс беларускіх народных казак і перадаць іх гледачам.
Такім чынам, праект «Калядная казка» ператварыўся ў «казку без межаў», дзе беларускі фальклор набывае новыя адценні дзякуючы міжкультурнаму ўзаемадзеянню, а сам майстар-клас стаў не толькі часткай навучальнага працэсу, але і важным крокам ва ўмацаванні міжкультурнага дыялогу.







BY

